Купалаўскі тэатр адкрыў 97-ы сезон

7 сентября 2016

Па традыцыі гледачоў сустракала "Паўлінка" - спектакль-помнік паводле п'есы беларускага песняра, народнага паэта Янкі Купалы. Аб прэм'ерах новага сезона - Вольга Мядзведзь.

Калі б існавала кніга тэатральных рэкордаў, гэты спектакль быў бы на першым месцы. "Паўлінка" ўжо 72 гады на сцэне і на пенсію ісці не збіраецца. Першы сезонны спектакль, а ўжо аншлаг. Акрамя аматараў, у зале замежныя госці, але для іх моўнага бар'ера няма. З гэтага года сцэнка з сялянскага жыцця стала інтэрнацыянальнай. Акрамя мовы арыгінала - беларускай, даступныя яшчэ руская і англійская.

Пастаўленая падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Томску, на радзіму "Паўлінка" прыехала ў сорак чацвёртым. Рэжысура, створаная ў эвакуацыйны перыяд Львом Ліцвінавым, засталася нязменнай да гэтага часу. Абнаўленне закранула дэкарацыі ў выглядзе вясковага доміка і касцюмы герояў - з нацыянальным каларытам, але ўсё па тых жа пасляваенных эскізах.

"Паўлінка" - школа выжывання для купалаўцаў. Усе пакаленні праходзяць праз гэты спектакль. Сёння ты ў масоўцы, а заўтра ўжо адзін з вядучых герояў. Так, напрыклад, колькасць выканаўцаў Паўлінкі ўжо перайшла за дзясятак.

Навінка гэтага года - дзіцячы спектакль "Хрустальны туфлік, ці Папялушка". Кампазіцыя з тэкста Яўгена Шварца і іншых аўтараў гэтага твора выйдзе ў лістападзе з-пад крыла канкурэнтаў. Рэжысёрам выступіць мастацкі кіраўнік Рускага тэатра Сяргей Кавальчык. А ў камернай зале вернісаж з сучасных драматургаў.

З паўдзясятка новых пастановак, частка з іх ад запрошаных рэжысёраў. На галоўнай сцэне, акрамя спектакляў, з'явіцца яшчэ і музычны праект, але яго кіраўніцтва пакуль трымае ў сакрэце. Ёсць задумкі і на наступны 98-ы сезон. У афішы Купалаўскага - гогалеўскі «Рэвізор».