Калекцыя дома-сядзібы Каладзеева папоўнілася новымі экспанатамі напалеонаўскіх часоў

1 марта 2014

Беларусь і Францыя сталі бліжэй адна адной. Сёння калекцыя дома-сядзібы Каладзееева ў Барысаве папоўнілася новымі экспанатамі напалеонаўскіх часоў. Шпага і гравюра - дар французскіх бізнесменаў. Выбар для экспазіцыі не выпадковы: Барысаўская зямля 200 гадоў назад стала полем бою французскай і рускай армій. І вось зараз ідэя пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі - развіваць прыватнае гісторыка-культурнае партнёрства - рэалізоўваецца.



Наш карэспандэнт Аляксей Кандраценка ўбачыў, як ваенныя атрыбуты ператварыліся ў мірныя сімвалы, а заадно вывучыў рарытэты. Дом-сядзіба мецэната Івана Каладзеева як магніт прыцягвае аматараў гісторыі і проста стыльных інтэр'ераў. Эпоха канца 19 - пачатку 20 стагоддзя - чым не выдатнае месца і для вяселля?


У суседняй зале, праўда ўжо без музыкі Мендэльсона, госці з Францыі. У вядомага скульптара Жака Перо і бізнесмена Івона Важэля асобая місія. Яны прывезлі ў Барысаў бюлетэнь 1812 года, гравюру і ўнікальную шпагу барабаншчыка арміі Напалеона.


Івон Важэль, сакратар Франка-беларускага дзелавога клуба: Гэтая шпага - сапраўдная, яе ніколі не рэстаўрыравалі. Гэта арыгінальная рэч. І я гэта заяўляю ў прысутнасці экспертаў.


Пераадолеўшы шлях у два стагоддзі і тысячы кіламетраў, ваенны артэфакт заняў ганаровае месца ў экспазіцыі музея.


Pour la liberte et la mort - свабода або смерць. Ледзь прыкметны надпіс на французскай мове. Кароткая фраза, якая адлюстроўвала высакароднасць, мужнасць і ў той жа час асуджанасць салдат эпохі 1812 года.


Бюлетэнь - друкаваны арыгінал, які быў складзены ў адной з вёсак Беларусі. Справаздача аб бітве - яшчэ адзін дар з асабістай калекцыі.


Прыватную ініцыятыву французаў падтрымаў МЗС Беларусі, а таксама пасольствы абедзвюх краін. Так праз гісторыю і культуру, гавораць энтузіясты, дынамічна развіваюцца і дзелавыя адносіны.


Уладзімір Слесараў, бізнесмен, дырэктар дома-сядзібы Івана Каладзеева: Усё пачынаецца на ўзроўні дзяржавы і паслоў, а паступова зводзіцца да таго, што сустракаюцца простыя людзі. Яны разумеюць адзін аднаго, для іх няма меж. Французы, якія прыязджаюць сюды апошнія два гады, атрымліваюць задавальненне ад таго, як мы ставімся да нашай сумеснай гісторыі, што мы робім для гэтага.


На развітанне госці паабяцалі штогод знаходзіць сродкі для набыцця новых экспанатаў. Так што ў будучыні для ўсіх, хто цікавіцца напалеаністыкай, ды і ў цэлым гісторыяй, тут будзе нямала пазнавальных сюрпрызаў.