Кнігу "Мінск скрозь стагоддзі" прэзентавалі на міжнароднай навуковай канферэнцыі ў сталіцы

8 сентября 2017

Выданне, прысвечанае юбілею горада, - сумесны праект Інстытута гісторыі Акадэміі навук і Мінгарвыканкама. Да свята прымеркаваны і сам двухдзённы форум, які праходзіць на трох пляцоўках: у Мінскай гарадской ратушы, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа і Інстытуце гісторыі. Мінулае, сучаснасць і будучыню нашай сталіцы абмяркуюць больш як сотня этнографаў, археолагаў, лінгвістаў і мастацтвазнаўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Польшчы.

Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі: "Тыя археалагічныя знаходкі, якія зробленыя нашымі археолагамі ў выніку даследаванняў на тэрыторыі Мінска, гарадзішча на рацэ Менка, паказаныя на сённяшняй археалагічнай выставе, якую мы арганізавалі разам з Музеем гісторыі горада Мінска. Гэта наша сумесная праца. І гэтая выстава будзе дзейнічаць не толькі сёння, а досыць працяглы час. Можна прыйсці і ўбачыць гэтыя археалагічныя матэрыялы, досыць унікальныя, знойдзеныя на тэрыторыі старажытнага Мінска".

Па выніках дыскусій і выступленняў навукоўцаў і даследчыкаў будзе падрыхтаваны зборнік. Сёння другі з чатырох афіцыйных дзён святкавання 950-годдзя Мінска. Увечар у парку Перамогі пройдзе Шоу спяваючых фантанаў пад акампанемент сімфанічнага аркестра Беларусі.