Кітайскі мастак Ао Тэ наведаў Брэст

25 мая 2015

Майстар, які ў Кітаі ўваходзіць у топ "самых вядомых мастакоў, што малююць тыграў", наведаў Брэст. 46-гадовы жывапісец і партрэтыст Ао Тэ прывёз у Беларусь 9 сваіх прац, а дзясятую напісаў на вачах у гасцей вернісажа і падарыў мастацкаму музею ў Брэсце. Адзначым, Ао Тэ піша на незвычайным палатне - бамбукавай паперы, якая захоўвацца каля 500 гадоў. З некаторымі карцінамі мастака беларусы ўжо знаёмыя. У літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску захоўваюцца напісаныя ім два партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Ао Тэ, мастак (Кітай): "Я стаўлюся з вялікай павагай і падтрымліваю беларуска-кітайскія адносіны. Упэўнены, што мой прыезд у вашу краіну таксама спрыяе сяброўству, культурнаму абмену. У мяне тут не проста выстава, а сустрэча з аматарамі мастацтва, спецыялістамі".

На памяць аб сустрэчы майстар шчодра раздаваў пажаданні гледачам у выглядзе іерогліфаў. Адно з палотнаў з аўтографам мастак адрасаваў і нашаму тэлеканалу. У пажаданні гаворыцца, цытата: "Беларусь і Кітай - дружба! Напісана мастаком Ао Тэ, які наведаў Брэст". Як прызнаўся аўтар, ён зрабіў шэраг фотаздымкаў беларускіх краявідаў і па прыездзе на радзіму абавязкова намалюе іх на палотнах.