Да 145-годдзя з дня нараджэння сусветна вядомага класіка Бялыніцкага-Бірулі

27 февраля 2017

Да 145-годдзя з дня нараджэння сусветна вядомага класіка Бялыніцкага-Бірулі ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася вялікая выстава. Каля паўсотні прац выхадца Магілёўшчыны ў дзвюх залах і арыгінальная ідэя - прадставіць тонкага лірыка, як заснавальніка аднаго з сацрэалістычных жанраў мемарыяльнага краявіду. Падрабязнасці - у Наталлі Бардзілоўскай.

Мемарыяльны пейзаж - гэта выявы мясцін, звязаных з жыццём выдатных людзей. Бялыніцкі-Біруля, які напісаў серыі краявідаў, звязаных з Леніным, Сталіным, Пушкіным, Чайкоўскім і Талстым, лічыцца роданачальнікам жанру. Калі ў 1924 годзе памёр правадыр пралетарыяту, Біруля стаў першым, хто прысвяціў Леніну свае палотны. Дзіўна, але факт: у большасці сваёй аўтар тонкай лірыкі пра прыроду, дзе любая пара года глядзіцца пранікнёна і адарвана ад рэчаіснасці, як ніхто ў сваю эпоху (а гэта 20-ыя-30-ыя гады мінулага стагоддзя) здолеў дабіцца даверу ўлад. Спачатку заслужаны, потым і народны мастак, ён атрымліваў сацзаказы на так званыя «сур'ёзныя тэмы».

Галоўны музей Беларусі – уладальнік найбольшай калекцыі работ Бірулі. У запасніках - за шэсцьсот пяцьдзясят адзінак. У цэнтры юбілейнай выставы – палатно, якое ў фондах праляжала больш за семдзесят гадоў. «Пейзаж горада Горы. Радзіма Іосіфа Сталіна». Доўгі час не выстаўлялася. Цяпер, спецыяльна да юбілею Бялыніцкага-Бірулі, карціну аднавілі музейныя рэстаўратары.

Акрамя пейзажаў у экспазіцыі два партрэты. Сам Бялыніцкі-Біруля глядзіць з палотнаў. Аўтары работ - маладыя вучні і сябры народнага мастака.

Народны мастак, акадэмік жывапісу. Але на выставе ёсць твор, які прадстаўляе Бялыніцкага-Бірулю, што гаворыцца «без гальшутка», па-за пасадамі. Любімы адпачынак Майстра ў вольны час, яго хобі - паляванне. Сябра класіка жывапісец Багданаў-Бельскі піша партрэт Бірулі ў зімовым лесе, з ружжом у руках. Твярская вобласць. Дача «Чайка».

«Чайку», як месца дзе жыў і большасць часу праводзіў Біруля, мастаку дапамог адкрыць яго настаўнік Ісак Левітан. Напрыканцы 40-ых Вітольд Каэтанавіч наведаў Беларусь, тут правеў некалькі месяцаў, тут пісаў. Палотны таго мінскага перыяду - таксама ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея і на выставе.