Іванава рыхтуецца прыняць Дні беларускай пісьменнасці

6 августа 2018

Кіламетры новага асфальту, кубаметры тратуарнай пліткі, тысячы квадратаў добраўпарадкаваных дамоў і памяшканняў. Іванава рыхтуецца прыняць Дні беларускай пісьменнасці. Да бенефісу роднай мовы і слова горад рыхтаваўся цэлы год. Ужо вылучаны асноўныя пляцоўкі юбілейнага, 25-га свята. Што падрыхтаваў горад для жыхароў і гасцей, убачыла Алена Борматава.

Эпоха Рэнесансу для Іванава пачалася некалькі месяцаў назад, калі быў дадзены старт работам па добраўпарадкаванні горада. Распрацавалі спецыяльны план, стварылі штабы - ад рэспубліканскага да раённага. У спісе - сотні аб'ектаў розных сфер дзейнасці. Ад устаноўкі святлафораў каля школ да добраўпарадкавання цэнтральнага гарадскога парку.

Аляксандр Раманюк, начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Іванаўскага райвыканкама: "Гэта падсветка, ліхтары, таршэры. Усё будзе акультурана, тэматычна. Над гэтым папрацавалі і праекціроўшчыкі, і мы. Было шмат абмеркаванняў, усё дэталёва прапрацавана".

Парк Перамогі - месца асноўнай пляцоўкі Дзён пісьменнасці. Тут размесціцца галоўная сцэна юбілейнай урачыстасці. А таксама дзясяткі павільёнаў літаратурна-музычна-турыстычнай скіраванасці. Заключныя працы - гэта кладка тратуарнай пліткі і ўстаноўка малых архітэктурных форм.

Адным з асноўных аб'ектаў добраўпарадкавання горада стала пешаходная вуліца. Па ёй удзельнікі і госці Дзён пісьменнасці пройдуць да асноўнай сцэнічнай пляцоўкі. Тут жа будзе і ўсталяваны і памятны знак. Манціраваць скульптурную кампазіцыю плануюць у канцы жніўня.

"Янава слова" размесціцца ў пачатку праменаду. У метале адлюструюць некалькі гістарычных элементаў. Да 1940 года горад называўся Янаў. Тэматычныя графіці ўпрыгожылі розныя будынкі раённага цэнтра. Лейтматыў жа юбілейных Дзён пісьменнасці - "Мая малая радзіма".

Валянціна Барадзінчык, начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама: "Мы ганарымся тым, што мы маем дачыненне да роду Дастаеўскіх - вялікага класіка. Гэта не гаворыць пра тое, што Фёдар Міхайлавіч тут нарадзіўся і стрвараў, а хвалебны род адгэтуль паходзіць. Натуральна, мы ганарымся тым, што ў нас жыў, ствараў і пакінуў пасля сябе багатую спадчыну вядомы ўсёй Еўропе Напалеон Орда".

Два мільёны рублёў на добраўпарадкаванне горада. Сродкі вылучаюцца з абласнога і мясцовага бюджэтаў. У Дні пісьменнасці, якія ў Беларусі па традыцыі праходзяць у першыя выхадныя верасня, Іванава, па самых сціплых падліках, прыме некалькі тысяч гасцей.

Віталь Клышко, намстаршыні Іванаўскага райвыканкама: "У нас ёсць вопыт правядзення такіх мерапрыемстваў як абласныя "Дажынкі". Выкарыстоўваючы гэты вопыт, у нас праблем не ўзнікне па размяшчэнні гасцей. Калі ж нешта не будзе атрымлівацца, сталіца Палесся - горад Пінск - недалёка знаходзіцца, мы прадаставім гэтыя ўмовы".

Усе працы па добраўпарадкаванні горада завершацца да 20 жніўня. Пасля чаго прыступяць да падрыхтоўкі творчых мерапрыемстваў. Іванава плануе здзівіць сваім кніжным салонам і парадам сталіц Дзён беларускай пісьменнасці.