Вынікі літаратурнага года падвялі сёння ў Гомелі

2 сентября 2016

Тут прайшлі славянскія літаратурныя "дажынкі". Юбілейны - дзясяты - фэст сабраў літаратараў з Беларусі, Расіі і Украіны. Сёлета мерапрыемства прымеркавалі да Дня пісьменства. Ужо заўтра пісьменнікі адправяцца ў Рагачоў. Там будзе праходзіць міжнароднае літаратурнае свята ў гонар вядомага беларускага пісьменніка Андрэя Макаёнка. Чым запомніцца гэтая культурная падзея, ведае Вольга Халадовіч.

Амаль 70 літаратараў з Беларусі, Расіі і Украіны. Прэзентацыі, конкурсы, ўзнагароджанні. Літаратурныя "дажынкі" ўжо сталі нацыянальным брэндам. А сяброўства славянскіх пісьменнікаў пераўтварылася ў супрацоўніцтва.

Сёлета літаратурныя "дажынкі" - юбілейныя, праходзяць дзясяты раз. Як і хлебаробы, пісьменнікі падводзяць вынікі. Для майстроў паэзіі і прозы - год таксама ураджайны.

Народныя калектывы, рамеснікі, бандурысты і гарманісты. Тры славянскія падворкі - беларускі, расійскі і ўкраінскі - таксама частка фестывалю.

Майстар-класы i дэгустацыя. Гэта ў прамым сэнсе слова самая смачная частка літаратурных "дажынак". Тут можна пачаставацца сапраўднымі украінскімі варэнікамі - з капустай, бульбай ці тварагом.

Ужо заўтра удзельнікаў славянскіх літаратурных "дажынак" будуць сустракаць у Рагачоўскім раёне. У аграгарадку Журавічы пройдзе міжнароднае свята "На зямлі Макаёнка", прысвечанае 95-годдзю беларускага пісьменніка. У райцэнтры адбудзецца тэлемост гарадоў-пабрацімаў. А ў нядзелю ў Рагачове адкрыецца першы ў рэгіёне Дом кнігі імя Уладзіміра Караткевіча. Самыя таленавітыя пісьменнікі атрымаюць літаратурную прэмію.