Гомельскі дзяржаўны цырк адзначыў юбілей

7 декабря 2017

Ён быў прызнаны лепшым у Савецкім Саюзе. Гомельскі дзяржаўны цырк адзначыў юбілей. Роўна 45 гадоў таму эстрадны цыркавы аркестр упершыню сыграў туш, і на манеж выйшлі акрабаты, дрэсіроўшчыкі і клоўны. Павіншаваць гамяльчан прыехалі госці і калегі з Украіны і Расіі.

Расказвае Вольга Халадовіч. Касмічная форма, якая нагадвае лятаючую талерку, і больш за паўтары тысячы месцаў, якія, дарэчы, заўсёды занятыя. На паказах гомельскага цырка заўсёды аншлаг.

Галавакружныя трукі, знакамітыя дрэсіроўшчыкі і самыя смешныя клоўны. Дарэчы, Міхаіл Румянцаў (вядомы як клоўн Карандаш) не раз бываў тут на гастролях. І стаў правобразам вось гэтай скульптуры, якая сустракае ўсіх, хто прыходзіць у цырк. І дапамагае ствараць асаблівую атмасферу.

За 45 гадоў тут паказалі прыкладна 10 тысяч праграм, на якіх пабывалі больш за 15 мільёнаў гледачоў. На манеж выходзілі артысты ўсіх кантынентаў. Гомельскі цырк быў прызнаны лепшым у Савецкім Саюзе, а для ўзнагарод і дыпломаў тут ужо можна адкрываць уласны музей славы.

Юбілей - 45 гадоў - Гомельскі дзяржаўны цырк адзначыў не толькі заслужанымі ўзнагародамі, але і цікавай праграмай на манежы. Як заўсёды, з аншлагам і авацыямі.