Галоўны мастацкі музей краіны пашырае межы

28 июля 2014

Праз 7 гадоў зноў на рэканструкцыю. Нацыянальны мастацкі музей пашырае межы. Спецыялістам давядзецца перапланаваць памяшканні мінімум двух дамоў - па вуліцы Леніна 22 і Кірава 25. Акрамя новых плошчаў, у музейным комплексе пачне працаваць арт-кафэ, а ва ўнутраным дворыку музея размесціцца пляцоўка для дэманстрацыі скульптур, правядзення пленэраў і адпачынку наведвальнікаў.


Новы музейны комплекс - пакуль у мініяцюры - ўбачыла Наталля Кузьміцкая.


Праз чатыры гады Нацыяльны мастацкі музей пераўтворыцца ў адметны музейны комплекс. У плане рэканструкцыі - аб'яднанне адразу некалькіх дамоў - па вуліцы Леніна, Маркса і Кірава - адзінай музейнай канцэпцыяй. У межах выставачных плошчаў з'явяцца і зусім новыя аб'екты - арт-кафэ і музейны дворык, верагодна, стануць улюбёнымі месцамі аматараў мастацтва і інтэлігенцыі.


Усе будынкі, якія ўтвараюць музейны комплекс, звяжуць пераходныя галерэі. У новых залах будуць дэманстраваць дагэтуль невядомыя наведвальнікам экспазіцыі. Сярод іх і пашыраная калекцыя твораў, менавіта беларускага мастацтва.


Перабудова, як кажуць, стагоддзя, адбудзецца па-першае з прагматычнай нагоды - у музея не хапае выставачных плошчаў. А па-другое, з эстэтычнай - арт-кварталы накшталт тых, што ў Маскве, Вене і Амстэрдаме, мара любой сусветнай сталіцы.


Дарэчы, рэканструкцыя першых будынкаў пачнецца ўжо ў жніўні. Тыя музейныя фонды і службы, якія размяшчаліся там, пераехалі ў іншыя памяшканні. Між тым, спыняць сваю працу на працягу ўсіх рамонтных работ музей не збіраецца. У абноўленым фармаце ён сустрэне наведвальнікаў у 2018 годзе.