Яшчэ адзін крок у рэалізацыі дзяржаўнай праграмы Слуцкія паясы

4 ноября 2014

Прадпрыемства па іх адраджэнні ўжо дае свае ўзоры. А Нацыянальны мастацкі музей у калекцыі старажытнабеларускага мастацтва захоўвае некалькі фрагментаў слуцкіх рарытэтаў. Важкі і ўнікальны дадатак да гэтай тэмы - выстава з Варшаўскага музея, якая адкрылася сёння ў Мінску. Экспазіцыя з шасці арыгінальных твораў Слуцкай мануфактуры, як магчымасць убачыць, вывучыць і ўзяць у вытворчасць новыя аўтэнтычныя асаблівасці паясоў. Больш падрабязна Наталля Бардзілоўская.


Яны амаль тыдзень у Мінску - прыбылі ў Беларусь у спецыяльным куфры на самалёце пад аховай. Кожны ж коштам да 20 тысяч еўра. Пад асаблівай бескіслотнай паперай у музейным бункеры з тэмпературай да 18 градусаў і вільготнасцю да 45% прайшла адаптацыя шасці кунтушовых паясоў шляхціцаў Патоцкіх. Дакрануцца да іх нават беларускім спецыялістам не дазвалялася. Адзіная, хто ўладкоўвала рарытэты ў экспазіцыю, і то ў пальчатках, пані Міраслава Махуляк.


Міраслава Махуляк, рэстаўратар Нацыянальнага музея ў Варшаве, Польшча: Паясы амаль у ідэальным стане. Я крыху апрацавала срэбную і залатую паверхні лёгкім сінтэтычным ачышчальнікам. Сям-там запоўніла месцы страчанай арыгінальнай ніткі шаўковай, таўшчынёй у чалавечы волас ніткай.


Гэтая прэзентацыя абсалютнай аўтэнтыкі ад найбуйнейшай калекцыі слуцкіх паясоў у свеце. Зборам валодае Нацыянальны музей у Варшаве. Сховішча налічвае амаль 60 слуцкіх экзэмпляраў.


Эва Урліньска-Камяноўска, захавальніца калекцыі тканін Нацыянальнага музея ў Варшаве, Польшча: Нашы фонды захоўваюць каля 360 узораў паясоў з усяго свету - расійскія, турэцкія і нават адзіны венецыянскі. Але слуцкія для нас не проста экспанаты, гэта гістарычная святыня, якую мы імкнёмся і даследаваць, і рэстаўраваць, і з гонарам паказваць у самых розных краінах.


У Мінск прыехалі 6 самых характэрных, зробленых слуцкімі мануфактурамі паясоў перыяду ад 1760 да 1807 г.


Яны арганічна выглядаюць у галерэі шляхетных партрэтаў. Паясы Патоцкіх - роду, які існаваў на нашых землях і аб'яднаў шмат народаў. Зрэшты, кашталяны-канцлеры і ваенныя мужчыны Патоцкія насілі самыя дарагія паясы - чатырохбаковыя, кожны з якіх меў сваё значэнне. Чырвоны - святочны, шэры - афіцыйны, белы - вясельны, чорны - жалобны.


Усю сваю радавую скарбонку са 124 паясоў яшчэ да Другой сусветнай вайны музею Варшавы перадала нашчадак знакамітага роду - Катарына Патоцкая. Толькі 24 паясы захаваліся пасля вайны.


Пад шклом музейных вітрын слуцкія паясы размясціліся не ў зусім характэрным для сябе выглядзе. Звычайна такія рэчы павінны ляжаць, але спецыяльна па просьбе беларускіх музейшчыкаў паясы замацаваны вертыкальна, што дае магчымасць гледачам бачыць іх ва ўсю даўжыню, а спецыялістам дакладна даследаваць кожны міліметр старажытных рарытэтаў.