Дзень турызму адзначаюць ва ўсім свеце

27 сентября 2016

Вялікую ўвагу гэтай сферы надаюць і ў Беларусі як аднаму з важных фактараў для развіцця эканомікі. Прыцягненне інвестыцый і агульная даступнасць турыстычных аб'ектаў - прыярытэтная задача мэтавага ведамства нашай краіны. Дарэчы, грамадзянам краін, бяспечных у міграцыйным плане, могуць дазволіць наведваць Беларусь без віз ужо ў наступным годзе, заявіў на прэс-канферэнцыі намміністра спорту і турызму. Пра Беларусь гасцінную - рэпартаж Таццяны Кароль.

І так я спускаюся да акіяна, я яго яшчэ не бачыў, засталося 2 кіламетры.

І ў яго ўсё атрымалася - ён убачыў акіян і не толькі! Інвалід-калясачнік Аляксандр Аўдзевіч адзін праехаў праз усю Еўропу на ручным байку. Пра яго напісалі дзясяткі артыкулаў, і яго сустракалі ў кожным пункце маршруту як героя. Шлях не блізкі - 4 000 кіламетраў ад яго роднай Ліды да Партугаліі. 78 дзён у дарозе за марай.

Ён цалкам мог бы стаць сімвалам Дня турызму - 2016, бо менавіта сёння ва ўсім свеце гавораць пра тое, што падарожжы павінны стаць даступнымі для ўсіх. Але гісторыя беларуса Аляксандра Аўдзевіча, якая здзіўляе сваёй адвагай людзей па ўсім зямным шары, - гэта не правіла - выключэнне. Пра тое, чаго варта такая паездка для тых, каму і да суседняга музея дабрацца не так проста, Сяргей Драздоўскі таксама ведае не па чутках.

Музей Вялікай Айчыннай пасля абнаўлення, мабыць, стаў адной з галоўных турыстычных мясцін Мінска. Менавіта адгэтуль часцей за ўсё і пачынаецца падарожжа па Беларусі. Для мяне, як і для большасці турыстаў, падняцца па гэтай лесвіцы не стварае асаблівай цяжкасці, чаго не скажаш пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, нават нягледзячы на тое што тут для іх абсталяваныя спецыяльныя пандусы.

Сяргей Драздоўскі, нягледзячы на складанасці, аб'ехаў літаральна ўсю Беларусь. Гаворыць: калі падарожнічаеш, пачуваешся вольным. Але далей уласнага аўтамабіля перасоўвацца часцей за ўсё няпроста.

Пра даступнасць аб'ектаў задумваюцца і ў галоўным турыстычным ведамстве краіны. Складаней за ўсё з інфраструктурай у рэгіёнах.

А пакуль Беларусь працягвае зарабляць турыстычны імідж. Летась нашу краіну адкрылі для сябе больш за чатыры з паловай мільёны замежнікаў. І калі раней да нас ехалі часцей у санаторыі або аграсядзібы, то зараз прапановы туррынку куды больш шырокія. Напрыклад: сямідзённы тур па краіне, які знаёміць з ваеннымі старонкамі гісторыі. Сёння адзін з самых папулярных маршрутаў сярод гасцей.

Як бонус сёння распрацоўваецца пытанне аб бязвізавым пяцідзённым адпачынку ў нашай краіне з адной абмоўкай: калі турыст прылятае ў Нацыянальны аэрапорт. Плюс напярэдадні Міжнароднага дня турызму сусветны савет уключыў нашу Беларусь у дзясятку краін, дзе чакаецца самы высокі тэмп росту інвестыцый у турыстычную галіну. Гледзячы на тое, як імкліва Беларусь набірае папулярнасць у іншаземцаў, у гэта нескладана паверыць.