Будслаў - сталіца духоўнага свята ў гонар адной з хрысціянскіх святынь

1 июля 2016

У гэтыя летнія дні аграгарадок у Мядзельскім раёне ператвараецца ў адзін з найбуйнейшых у Еўропе паломніцкіх цэнтраў. Будслаў - сталіца духоўнага свята ў гонар адной з хрысціянскіх святынь - абраза Маці Божай Будслаўскай - сёння сабрала вернікаў з усіх куткоў нашай краіны, а таксама з суседніх Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы. Прама зараз на сувязі з духоўнага цэнтра - наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская (прамое ўключэнне).

Вітаю. Зараз у Будславе, калі можна так сказаць, час вольны, своеасаблівы перапынак паміж буйнымі мерапрыемствамі. Адгучала двухгадзінная святая імша для пілігрымаў (іх сёлета на свята прыбыло за 30 000), і зараз людзі чакаюць поўначы, калі па традыцыі гаспадыня Будслава – копія абраза Божай Маці - сыдзе з пастамента і выйдзе ў натоўп. Адбудзецца ўрачыстая працэсія, уся плошча ля касцёла будзе ў агеньчыках запаленых свечак – будзе вельмі прыгожа, тут жа ўсіх аб’яднае святочнае начное набажэнства. Дык вось, менавіта зараз паломнікі размаўляюць паміж сабой, хтосьці ўдзельнічае ў Марыйных няшпарах – гэта праслаўленне Дзевы Марыі ў псалмах. У Будславе ёсць чым падсілкавацца: сваю фірменную каву прапануюць браты капуцыны – манахі старажытнага каталіцкага ордэна, якія з XVII стагоддзя зберагаюць і перадаюць адзін аднаму традыцыю прыгатавання асабліва смачнага і карыснага капучына. І, зразумела, самае важнае, дзеля чаго кожны паломнік едзе ў Будслаў, – гэта сустрэцца з Маці Божай Будслаўскай, памаліцца ёй з просьбамі альбо прасіць прабачэння… Даўнія вернікі ведаюць і такую акалічнасць, што людзі прапаўзаюць шлях ад увахода ў храм да алтара, дзе знаходзіцца абраз, на каленах, потым спавядаюцца. Зрэшты, сёлета касцёл адзначае юбілей - 400 гадоў, як абраз прыбыў з Ватыкана ў Беларусь. Папа Рымскі Кліменцій перадаў святыню мінскаму ваяводу Яну Пацу. І яшчэ адна найважнейшая дата гэтых будслаўскіх сустрэч – 25 гадоў, як на Беларусі быў адроджаны касцёл: Папа Рымскі Іаан Павел Другі заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію і 3 дыяцэзіі. Юбілей вельмі важны.

Хай беларускі касцёл дапаможа кожнаму чалавеку знайсці шлях да Бога і ўсяму грамадству – трымаць надзейны фундамент духоўнасці, заснаваны на вядомых хрысціянскіх ісцінах і супрацьстаянні злу. А я нагадаю, што адным з буйных духоўных форумаў Беларусі з'яўляецца фэст у Будславе. Нацыянальны санктуарый – у цэнтры вялікіх падзей. І гэтыя святы ў Будславе працягваюцца.Фестываль ахопіць два дні, і заўтра – вельмі насычаная праграма: моладзевая праграма ў палатачным гарадку, імшы, адна з якіх пройдзе з удзелам папскага легата кардынала Крыстофа Шонбарна.