Пачалася падрыхтоўка да вясенне-палявых работ

2 февраля 2023

Аграрыі Мінскай вобласці рыхтуюцца да вясенне-палявых работ. Гаспадаркі папаўняюць запасы насеннага матэрыялу і ўдабрэнняў, таксама рамантуюць сельгастэхніку.

Толькі на балансе агракамбіната "Ждановічы " амаль 750 адзінак: ад культыватара і прэс-падборшчыка да грузавых машын і камбайнаў. Трактары, напрыклад, гатовыя на 95 %, застаецца толькі тэхнічнае абслугоўванне. Дарэчы, першыя праверкі і тэхагляды ў гаспадарках пройдуць ужо ў другой палове лютага.

За кароткія тэрміны трэба будзе ўзараць зямлю і ўнесці пажыўныя рэчывы, правесці сяўбу і хімапрацоўку. Менавіта ад гатоўнасці і спраўнай працы сельгастэхнікі залежыць уся агравытворчасць. Тым больш аб'ёмы яравых палеткаў у агракамбінаце Мінскага раёна сур'ёзныя. Толькі пад ячмень адвядуць 2,5 тыс. га, яшчэ 4 тыс. зоймуць кукурузныя плантацыі. Плюс грэчка і цукровыя буракі.