Беларусы ўпершыню ўдастоеныя медаля ЮНЭСКА "Віктор Гюго"

30 ноября 2015

Гэтак высока адзначаныя майстры сцэны, народныя артысты Савецкага Саюза і Беларусі. Цырымонія ўручэння прайшла на галоўнай драматычнай сцэне краіны - у Купалаўскім тэатры. Чые імёны ўпісаныя ў сусветную гісторыю культуры - раскажа Іна Пілевіч.

У трох беларусаў зараз ёсць свой "Віктор Гюго" - медаль ЮНЭСКА, названая ў гонар вядомага французскага пісьменніка. Гэтым медалём узнагароджваюцца дзеячы культуры за значны ўклад у развіццё нацыянальных культур.

Медаля ЮНЭСКА ўдастоеныя патрыярхі найбуйнейшых тэатраў Беларусі - Вялікага, Горкаўскага і Купалаўскага. Дарэчы, у сценах апошняга і адбылася цырымонія ўзнагароджання. На сцэну найстаражытнейшых падмосткаў краіны падняліся легендарныя артысты Тамара Ніжнікава, Генадзь Аўсяннікаў і Расціслаў Янкоўскі.

У рэпертуары ўладальніцы рэдкага каларатурнага сапрана Тамары Ніжнікавай практычна ўсе вядучыя партыі ў нацыянальных і класічных операх. І менавіта пад яе голас ствараюць творы кампазітары. А вось на рахунку Генадзя Аўсяннікава - больш за 8 дзясяткаў роляў у тэатры і кіно. І ў свае 80 артыст працягвае іграць, гледачы ідуць на Пустарэвіча з "Паўлінкі" ў яго выкананні. Дарэчы, уладальнік медаля "Віктор Гюго" Генадзь Сцяпанавіч у свой час іграў у спектаклі па творы французскага пісьменніка.

Яшчэ адзін юбіляр сярод узнагароджаных - Расціслаў Янкоўскі. Карціны "Зямля да запатрабавання", "Сустрэча ў канцы зімы" з яго ўдзелам увайшлі ў залаты фонд кінематографа. У гэты вечар узнагароду за Расціслава Іванавіча атрымлівала жонка.

Прэм'ера - у падарунак. Уладальнікі медаля "Віктор Гюго" сталі першымі гледачамі новага спектакля Купалаўскага. Пасля завяршэння цырымоніі ўручэння адбыўся паказ спектакля "АРТ", афіцыйная прэзентацыя якога запланаваная на заўтра.