Беларусь вачамі іншаземца

2 июня 2014
Свой погляд на разнастайнасць палітры нашай беларускай прыроды прапанавалі мастакі з розных краін. Гэтымі днямі ў Стоўбцах праходзіць міжнародны пленэр рэалістаў.

Як выглядае Беларусь пэндзлем замежных майстроў - у рэпартажы Іны Пілевіч.

У пошуках рабочага месца яны могуць на працягу гадзіны крочыць ляснымі сцежкамі, бо ад выбару ракурсу залежыць вынік. Для творчых пошукаў арганізатары пленэру прапанавалі мастакам наваколлі Стоўбцаў - родны край беларускага класіка Якуба Коласа. Маляўнічыя мясціны так і наводзяць на радкі паэмы Новая зямля.

Эцюднік, пэндзлі, фарбы, палатно. Менавіта з такім паходным наборам мастакі ў пошуках натхнення блукалі па родных мясцінах Якуба Коласа. Бо, магчыма, менавіта тут, уздоўж Нёмана, калісьці гуляў беларускі класік.

Пленэр у гонар народнага паэта БССР - гэта не толькі жывапіс пад адкрытым небам. Мастакі, вядома ж, азнаёміліся з біяграфіяй і творчасцю аўтара. Прайшлі па маршрутах Якуба Коласа - Смольня, Акіньчыцы, Альбуць і Ласток. Пазней жывапісцы фарбамі падпісаліся пад хрэстаматыйнымі радкамі Мой родны кут, як ты мне мілы….

На Стаўбцоўшчыну прыехалі 13 рэалістаў з розных куткоў Беларусі і Расіі. Гэта майстры Урала, Ханты-Мансійска, Пецярбурга, сярод якіх выпускнікі Акадэміі імя Рэпіна. Дарэчы, легендарны расійскі жывапісец таксама арганізоўваў свае пленэры на нашых землях. Для таго каб захаваць унікальную прыроду пры натуральным святле і ў натуральных умовах, спецыяльна набыў пад Віцебскам сядзібу. Ды і наогул ля вытокаў Расійскай акадэміі майстэрстваў стаялі выхадцы з беларускіх зямель.

Вынікі пленэру - у перасовачнай выставе. Багацце беларускай прыроды спачатку выставяць у Стоўбцах, затым у Гомелі і Мінску. Наступны пленэр Беларускі саюз мастакоў збярэ ў вёсцы Ляскавічы. Згоду на ўдзел ужо далі італьянскія майстры Фларэнтыйскай акадэміі выяўленчага мастацтва.