Аўтару слоў беларускага гімна Уладзіміру Карызну – 75

25 мая 2013

З яго твора пачынаецца і заканчваецца дзень  краіны. Аўтар  слоў беларускага гімна Уладзімір Карызна сёння прымае віншаванні з 75-годдзем. Аўтар больш чым паўсотні вершаў і шматлікіх зборнікаў, Уладзімір Іванавіч усё жыццё марыў быць музыкантам. Ваеннае дзяцінства не дало магчымасці зрабіць мару прафесіяй, але музыка ў сям'і Карызны ўсё ж гучыць. Юбіляра павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.


Расказвае Наталля Бардзілоўская. Гэта эксклюзіў – упершыню беларускі гімн у выкананні віяланчэлі. Лаўрэат міжнародных конкурсаў і бадай  самы знакаміты віяланчэліст Беларусі Іван Карызна спецыяльна на некалькі дзён прыляцеў у Мінск з Еўропы, каб павіншаваць з юбілеем любімага дзеда. Студэнт Парыжскай кансерваторыі, дзе выкладаюць па-французску, у  якасці падарунка выдае твор на роднай дзядулевай мове. Зрэшты, вершы ў сям'і Карызны чытаюць усе, але піша толькі дзядуля. Сын, унукі - музыканты. Паэтычнай дынастыі не атрымалася, але  наўмысна! Музычныя поспехі ўнука Карызны пайшлі далёка за межы Беларусі. У Івана дасягненні на класічным Еўрабачанні”, Міжнародным конкурсе імя Чайкоўскага. Дзед  не толькі аматар творчых спаборніцтваў. Унуку ён перадаў пераможныя гены. Бо сам двойчы трымаў публічны конкурс на стварэнне сімвала беларускай дзяржаўнасці - гімна. У 2002-м  менавіта яго варыянт быў зацверджаны ўказам Прэзідэнта. За гэтую работу паэт узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.   На вершы Карызны напісана каля двухсот песень! Іх выконвалі Валянціна Пархоменка і Наталля Гайда, ансамблі “Песняры”, “Сябры” і “Верасы”. Паэт час ад часу сам спрабуе пісаць музыку. Яго дзіцячая мара крыху спраўдзілася – быў час, калі Карызна браў урокі ў Пукста і Вагнера. Зараз Уладзімір Іванавіч па-за афіцыйным  жыццём, але пенсія для яго – спрыяльны час для творчасці. Яшчэ ж гадоў дваццаць таму такога не было. Рабочы графік быў шчыльным. Ён па сённяшні дзень за старой друкарскай машынкай. Можа ва ўдарах па клавішах і няма былой шпаркасці, але ранейшыя іскрынкі ў вачах!