Актуальнае мастацтва дзесяці мастакоў-беларусаў упершыню прыедзе ў Санкт-Пецярбург

6 июня 2016

Беларускі сучасны арт пакажуць у найбуйнейшым прыватным музеі сучаснага мастацтва ў Расіі - Эрарта. Актуальнае мастацтва дзесяці мастакоў-беларусаў упершыню прыедзе ў Санкт-Пецярбург. Хоць многія аўтары ўжо даўно знайшлі свайго гледача не толькі ў краіне, але і за мяжой. Канцэптуальныя работы можна будзе ўбачыць у сталічнай галерэі Дом карцін да канца чэрвеня. А ў новым сезоне, кастрычніку-лістападзе, экспазіцыя з удзелам беларускіх майстроў будзе ў вольным доступе ў горадзе на Няве.

Падрабязна ў рэпартажы Ніны Мажэйкі.

Дом карцін не ўпершыню прымае канцэптуальных аўтараў у сваіх шэрых сценах. Пад творамі выключна гучныя імёны беларускіх мастакоў. Тых, хто паедзе ў Пецярбург ужо гэтай восенню. Іх дзесяць. Дзевяць жывапісцаў і адзін скульптар.

Санкт-Пецярбургскі музей, назва якога складаецца з двух паняццяў - Эра і Арта - найбуйнейшы недзяржаўны праект у галіне сучаснага мастацтва. Гэта своеасаблівая народная галерэя, арыентаваная нават на нерафінаванага гледача. У год яго візіцёрамі становяцца больш за 140 тысяч чалавек. Некалькі залаў ствараюць арт-прастору ў 10 тысяч квадратных метраў. Жывапіс, скульптура, інсталяцыі. Работы беларускіх аўтараў прайшлі папярэдні кастынг са спісу ў 50 імёнаў - толькі 10 трапілі ў куратарскі топ.

Мастачку з аграрным прозвішчам Капустнікава ведаюць па яе двух "Дажынках". 8 палотнаў сельскіх будняў з гэтых жывапісных цыклаў акажуцца ў Пецярбургу. Роўна як і скульптуры Канстанціна Селіханава. Патомны скульптар, ён стварае людзей у аб'ёме. Тут і яго знаёмы Давід у расцягнутай майке і савецкая чарга без пачатку і канца.

Усіх аўтараў аб'ядноўвае кансерватыўная школа - Акадэмія мастацтваў выпусціла цэлую плеяду майстроў кантэмпарары арт. Гэта так званае пакаленне эксперыменту. Маштабны Грыневіч з Гродна, імправізатар Фалей з Баранавіч, нават патомная мастачка Наталля Залозная, якая сёння жыве ў Бельгіі, трапіла на афішу экспазіцыі.

Загалоўкам да экспазіцыі стала менавіта гэта палатно. Правы і левы - два стаптаныя чаравікі, напісаныя кітайскай тушшу. Чорна-белы аскетызм - любімы прыём мастачкі. Яна кампілюе жывапіс дзэн з фігуратыўным. Сапраўды нечакана. Але такія спалучэнні і ствараюць сучасны беларускі арт.

Восеньскі сезон у Пецярбургу будзе татальна беларускім. Да нацыянальнай кампаніі далучыцца і канцэптуаліст Ігар Цішын. Выхадзец з Беларусі, што жыве ў горадзе на Няве, прыме ўдзел у экспазіцыі не перамяшчаючыся. А канкурэнцыю ўсім ім таксама складзе беларус Руслан Вашкевіч. Блізка ад галерэі Эрарта - у Рускім музеі.