5 чэрвеня хрысціяне ўсяго свету адзначаюць дзень памяці Ефрасінні Полацкай

4 июня 2014

Яна стала першай жанчынай на беларускіх землях, якую прылічылі да ліку святых. Яе аднолькава шануюць як праваслаўныя, так і каталікі. 5 чэрвеня хрысціяне ўсяго свету адзначаюць дзень памяці Ефрасінні Полацкай. Тысячы паломнікаў ужо зараз на дарозе ў старажытны Полацк, дзе княжая дачка заснавала два манастыры і дзе сёння захоўваюцца яе мошчы.


Алена Борматава - пра заступніцу зямлі беларускай. Самы старажытны манастыр Беларусі - Спаса-Еўфрасіннеўскі. Заснаваны яшчэ ў ХІІ стагоддзі княжной Прадславай - мірское імя Еўфрасінні Полацкай. Дакладная дата яе нараджэння і сёння - адна з таямніц нацыянальнай гісторыі. Навукоўцы называюць прыблізны прамежак часу - паміж 1102 і 1108 годам.


Еўфрасіння Полацкая стала першай жанчынай Беларусі, якую прылічылі да ліку святых. Яе імя носяць храмы не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і за мяжой, напрыклад, у канадскім Таронта. Заступніца зямлі беларускай стала адной з самых шанаваных святых.


Яна нарадзілася ў сям'і полацкіх князёў Георгія і Сафіі. Унучка Усяслава Чарадзея і Уладзіміра Манамаха. У 12 гадоў княжна вырашае прысвяціць жыццё служэнню Богу і прымае пострыг. Становіцца Еўфрасінняй. Жыве ў невялікай келлі Сафійскага сабора. Праз некаторы час на бязлюдным пустынным месцы за дзве вярсты ад Полацка засноўвае манастыр. Першым узводзяць Спаса-Праабражэнскую царкву - сёння гэта адзіны ў Еўропе помнік сакральнай архітэктуры ХІІ стагоддзя, які захаваўся ў вельмі добрым стане. Зараз тут ідуць работы па раскрыцці фрэсак часоў самой Еўфрасінні.


Тут жа раней знаходзіліся мошчы святой, якія толькі праз сем стагоддзяў вярнуліся на радзіму. Еўфрасінні не стала падчас яе паломніцтва ў Святую Зямлю. Яе пахавалі паблізу Іерусаліма, але праз ваенныя падзеі мошчы перанеслі ў Кіева-Пячэрскую лаўру. Толькі падчас праўлення Мікалая Другога іх вярнулі ў Полацк.


Сярэбраная рака ў візантыйскім стылі знікла пасля рэвалюцыі, калі ішла кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў.


Дакладная копія той ракі зроблена ў двухтысячных. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка тады падтрымаў Уладыку Філарэта і выдаткаваў на аднаўленне святыні з Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў больш за 100 кілаграмаў серабра. Духоўнае асвячэнне рэліквіі адбылося таксама на дзень памяці святой Еўфрасінні 7 гадоў таму.


Штогод у дзень памяці святой Еўфрасінні Полацк збірае тысячы паломнікаў. Людзі ідуць, каб памаліцца і пакланіцца святой. Заўтра амаль ва ўсіх храмах Полацка адслужаць літургіі, і адразу шэсць хрэсных хадоў накіруюцца да манастыра, заснаванага заступніцай зямлі беларускай.