110 гадоў са дня нараджэння беларускага паэта-спеўніка Адама Русака

27 мая 2014
Песні Бывайце здаровы, жывіце багата - амаль 80 гадоў, а яна да гэтага часу з'яўляецца ледзь не галоўным хітом беларускіх застолляў. І гэтымі днямі спаўняецца 110 гадоў са дня нараджэння яе аўтара, беларускага паэта-спеўніка Адама Русака. На яго радзіме прайшлі сустрэчы ў літаратурным музеі і канцэрты з песень на яго вершы.


Сюжэт Наталлі Бардзілоўскай.

Ігар Лучанок па сённяшні дзень прыходзіць на дні нараджэння Адама Герасімавіча, хоць таго амаль тры дзесяцігоддзі няма з намі. З паэтам, які не меў ніякага звання, але песні якога ведала ўся краіна, Лучанок напісаў з дзясятак песень, самыя вядомыя з якіх - Балада пра Мінск і Дзе ты, зорка мая?

Кампазітар не толькі браў вершы паэта - ён раіўся з ім і па музычных пытаннях, бо Адам Герасімавіч Русак за плячыма меў Ленінградскую кансерваторыю па класе валторна і доўгі час іграў у сімфанічным аркестры малога опернага тэатра горада на Няве. Зрэшты, у тым музычным асяроддзі Русак пазнаёміўся і са сваім суаўтарам, меладыстам Ісакам Любанам. Тандэм стварыў шэдэўр Бывайце здаровы… і Песню Марыны з кінастужкі Гадзіннік спыніўся апоўначы.

Русак напісаў вершаў на малую брашурку, але амаль кожны яго твор стаў песняй. У самай вядомай - усё той жа Бывайце здаровы… - няпростая гісторыя. Напісаную ў 1937 годзе яе, беларускамоўную, на рускую пераклаў сталінскі лаўрэат Міхаіл Ісакоўскі, а потым стаў падпісваць верш сваім імем. Супраць плагіяту выступіў Анатоль Астрэйка, ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі ён даслаў Ісакоўскаму афіцыйны пратэстны ліст.

Людміла Русак, дачка паэта Адама Русака: Ісакоўскі піша ліст з выбачэннямі, што не ведаў, што ў песні ёсць аўтар і надалей абавяжацца не публікаваць тэкст пад сваім імем. Тым не менш, многія ведаюць у Расіі гэтую песню і лічаць яе народнай.


Вершы, надрукаваныя Адамам Русаком на нямецкай трафейнай машынцы, перажылі свайго аўтара. Яны і ў рэпертуары сучасных артыстаў.