Затрыманы трэці меркаваны ўдзельнік тэрактаў у Бруселі

23 марта 2016

Аб гэтым паведамляе бельгійская паліцыя. Гэта Наджым Лахрауі. Ён быў засняты ў аэрапорце камерай назірання, калі ішоў незадоўга да выбухаў побач з двума смяротнікамі - пазней ідэнтыфікаванымі як браты Халід і Брахім Бакраўі. Паводле новай інфармацыі, Брахім, верагодна, падарваўся ў аэрапорце, а Халід - у метро на станцыі "Маэльбек". Усе трое з'яўляюцца фігурантамі па справе Салаха Абдэслама - галоўнага арганізатара лістападаўскіх тэрактаў у Парыжы (яго, нагадаем, арыштавалі на мінулым тыдні). Ахвярамі атак напярэдадні сталі, паводле розных дадзеных, ад 31 да 36 чалавек. Больш як 230 атрымалі раненні. Гэта грамадзяне сарака дзяржаў. Як паведамілі ў беларускім МЗС, грамадзян Беларусі ў спісах загінуўшых і пацярпелых няма. Тэракт асудзілі лідары шматлікіх краін. Савет Бяспекі ААН падчас экстраннага пасяджэння заклікаў актывізаваць міжнародныя намаганні па барацьбе з тэрарызмам. Памяць загінуўшых ушанавалі агульнанацыянальнай хвілінай маўчання.

У самы найбліжэйшы час у Бруселі пройдзе сустрэча міністраў унутраных спраў і юстыцыі краін Еўрасаюза. Наступны саміт ЕС будзе прысвечаны выключна праблемам тэрарызму.