У Вене адкрыўся традыцыйны штогадовы фестываль супраць СНІДу Баль жыцця

26 мая 2013

Гэтае мерапрыемства з'яўляецца найбуйнейшай еўрапейскай маніфестацыяй па барацьбе з ВІЧ-інфекцыяй. Дэвіз цяперашняга балю - усходняе багацце. Гэтым разам тут можна было сустрэць мноства ўсходніх персанажаў ад Алі-Бабы да Шэхерэзады. Амаль двухгадзіннае шоу, што адкрывае баль,  штогод прыцягвае тысячы жыхароў Вены і турыстаў. А ўладальнікі білетаў на Баль жыцця трапілі на адну з самых неўтаймаваных вечарынак. У шматлікіх залах і ўнутраных дворыках гістарычнага будынка ратушы гасцей да раніцы радавалі жывымі выступленнямі, захапляльнымі паказамі і кулінарнымі сюрпрызамі. Але за ўсім гэтым стаяць сур'ёзныя намеры -  дапамагчы людзям. У 2012 годзе чыстая выручка ад мерапрыемства склала больш за 2 мільёны еўра, якія былі інвеставаныя ў нацыянальныя і міжнародныя праекты дапамогі хворым на СНІД.