Сышла эпоха. Не стала Фідэля Кастра

26 ноября 2016

Сышла эпоха. Сёння раніцай стала вядома, што свет страціў свайго камандантэ. Ва ўзросце 90 гадоў не стала лідара кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра. Пад яго кіраўніцтвам Куба стала аднапартыйнай сацыялістычнай дзяржавай. Прамысловасць і прыватная ўласнасць былі нацыяналізаваныя, праведзеныя маштабныя рэформы ў рамках усяго грамадства. Адзначаныя сур'ёзныя перамены на Кубе і за апошнія гады. Эканоміку лібералізавалі, расла колькасць прыватных прадпрыемстваў, быў узяты курс на мадэрнізацыю. Напрыканцы 2014 года ЗША аднавілі сяброўскія адносіны з Востравам Свабоды.

Расказвае Аляксандра Пінчук: На 91-ым годзе жыцця не стала былога Старшыні Дзяржаўнага савета Кубы Фідэля Кастра. Аб гэтым сёння раніцай у эфіры дзяржаўнага тэлебачання паведаміў яго брат, цяперашні кубінскі лідар Рауль Кастра.

Фідэль Кастра - вядомы ўсяму свету камандантэ, Старшыня Дзяржаўнага савета Кубы з 1976 па 2008 год, нарадзіўся 13 жніўня 1926 года ў пасёлку Біран правінцыі Ар'ентэ, у сям'і багатага фермера - уладальніка буйной цукровай плантацыі. У 1950 годзе скончыў юрыдычны факультэт Гаванскага ўніверсітэта, пасля чаго заняўся прыватнай адвакацкай практыкай у кубінскай сталіцы, у прыватнасці, бясплатна вёў справы беднякоў.

У студэнцтве ён пачаў сваю палітычную дзейнасць. Напрыканцы 1947 года Кастра выступіў з прамовай, у якой заявіў, што "багацці краіны знаходзяцца ў замежных руках" і заклікаў таварышаў па вучобе да ўзброенай барацьбы, высунуўшы лозунг "Маладая нацыя ніколі не здаецца". У 1955 годзе Фідэль вылецеў у Мексіку, дзе быў сфарміраваны рэвалюцыйны атрад для высадкі на Кубу і захопу ўлады. Напрыканцы 50-ых гадоў мінулага стагоддзя паўстанцам пад правадырствам Кастра удалося правесці некалькі буйных і дзясяткі дробных аперацый супраць рэжыму Фульхенсіа Батысты. 1 студзеня 1959 года Паўстанцкая армія ўвайшла ў Гавану.

Фідэль Кастра праз некаторы час стаў старшынёй Савета міністраў Кубы.

Гэту пасаду ён займаў да 2008 года. Сёлета старшынёй Дзяржаўнага савета Кубы стаў яго брат Рауль.

У ліпені 1972 года Фідэль Кастра прыязджаў у Мінск. У аэрапорце яго сустракалі як жывую легенду.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка двойчы быў з афіцыйнымі візітамі на Кубе. Беларусь і Востраў Свабоды традыцыйна захоўваюць поўнае ўзаемаразуменне па палітычных пытаннях, падтрымліваюць адно аднаго на міжнароднай арэне.

У красавіку 2016 года Фідэль Кастра не толькі прыняў удзел у пасяджэнні з'езду кубінскай Кампартыі, але і выступіў перад дэлегатамі з прамовай.