Тэрарызм - зло, якое не мае меж

14 ноября 2015

І палітыкі, і эксперты падзяляюць думку, што тэрарызм - зло, якое не мае меж, грамадзянства і нацыянальнасці, ці то спланаваная акцыя або выхадка вар'ята-адзіночкі. Сучасны свет толькі абвастрыў і выявіў усю яго варварскую сутнасць.

Расказвае Глеб Лаўроў.

2977 загінуўшых, тысячы параненых і скалечаных псіхічна. 11 верасня 2001 пакуты гэтых людзей сталі агульным горам чалавецтва, якое назірала за трагедыяй у прамым эфіры. Неабвешчаная і абвешчаная ў адзін і той жа час вайна, пачатая тэрарыстамі, бойня з гэтага часу і назаўжды стала медыяпадзеяй. І хоць гісторыя і да таго ведала фанатыкаў, якія прагнуць толькі аднаго - пагрузіць свет у задушлівую атмасферу страху, - ніколі да нашага стагоддзя хвалі тэрору не накатвалі настолькі блізка да кожнага дома, не стукаліся, не біліся ў кожныя дзверы.

Самагубны, братазабойчы, забойны фанатызм - прымета нашага глабальнага часу. І ў найноўшых хроніках цяперашнія падзеі ў Парыжы, якія праз заявы баевікоў ІДІЛ пераклікаюцца з тым самым 9/11, толькі адзін эпізод. Вось толькі нават адна смерць ад рук тэрарыстаў - падстава для бязлітаснай барацьбы з імі. І кожнае жыццё, абарванае фанатыкамі, - падстава ўспомніць усіх. Каб не забываць ніколі, каб заставацца людзьмі, якія выразна бачаць грань дабра і зла. Грань, якая намалявана крэйдай на месцы кожнага выкліку, кінутага забойцамі ў твар усяму свету.

12 кастрычніка 2002 у трапічным раі - на інданезійскім Балі - выбухі ля начных клубаў у турыстычным раёне Кута забралі жыцці 202 чалавек, больш за 160 з якіх былі замежнікамі. І хоць смяротная кара вінаватых у той акцыі не верне нікога, яна - заканамерная і законная адплата тым, хто паставіў сябе па-за чалавецтвам, па-за гуманнасцю.

23-26 кастрычніка 2003 восеньская халодная Масква замерла на час яшчэ і таму, што ў тэатры на Дуброўцы замест мюзікла "Норд-Ост" разгортвалася рэальная трагедыя з захопам заложнікаў. Вынікам яе стала гібель 128 чалавек і раненні больш за 800. Гэтыя смерці, а ў спісах былі і нашы грамадзяне, ні тады, ні зараз не растлумачыць ніякімі мэтамі і палітычнымі памкненнямі.

11 сакавіка 2004 10 выбухаў на чыгуначных вакзалах Іспаніі, у тым ліку на найбуйнейшай у краіне станцыі Аточа, якія ўчыніла "Аль-Каіда", разарвалі час на да і пасля. І пасля, калі побач са станцыяй былі пасаджаныя 22 алівы і 170 кіпарысаў па колькасці памерлых, кожны змог упэўніцца, што жыццё мацнейшае за фанатызм і нянавісць, хай і не мацнейшае за смерць.

У школе ў паўночнаасецінскім Беслане ад рук пачвараў загінулі 333 чалавекі, у асноўным дзеці. Былі параненыя 783 грамадзяніны Расіі. Але боль і памяць пра тры жудасныя дні ў пачатку верасня 2004 не маюць меж. Ні ў часе, ні ў прасторы. А яшчэ боль і памяць не маюць нацыянальнасці.

7 ліпеня 2005 у Лондане, горадзе тысяч і тысяч гасцей, у горадзе тысячагадовай гісторыі, гісторыя сучаснага варварства - тэрарызму - працягнулася чатырма выбухамі ў метро і ў аўтобусе, тым самым знакавым двухпавярховым чырвоным. 56 загінуўшых, 700 параненых і мільёны сведак. І мільёны, хто дагэтуль шануе памяць тых, каго не стала тады.

Тры дні ў канцы лістапада 2008 не перавярнулі свет, але пасля атакі на індыйскі Мумбаі, якая абарвала жыцці 195 чалавек і пакінула сляды ран яшчэ на амаль трох сотнях, свет ужо ніколі не зможа паверыць словам тэрарыстаў, якія адкрылі агонь па звычайных пастаяльцах гасцініц, пра чысціню мэт тэрору. Мэтамі там і ўсюды былі людзі.

Асабняком, але насамрэч у тым жа шэрагу, стаіць пабоішча, учыненае блакітнавокім бландынам Андэрсам Брэйвікам у нарвежскай сталіцы Осла і на востраве Утоя 22 ліпеня 2011, калі выбух бомбы ва ўрадавым квартале замаскіраваў далейшы куды больш магутны тэракт - расстрэл моладзі ў летнім лагеры кіруючай Рабочай партыі. Якімі б лозунгамі ні затуляўся неафашыст, пра якую чысціню вачэй і расы б ні разважаў, ён назаўжды ў шэрагу з фанатыкамі і радыкаламі ўсіх рас і колераў скуры. А 77 загінуўшых і 151 паранены - назаўжды ў спісах ахвяраў сусветнай вайны са змагарамі сусветнага страху.

Брат па крыві ўсіх брэйвікаў свету француз алжырскага паходжання Махамед Мера, які расстраляў у сакавіку 2012 вучняў і настаўніка яўрэйскай школы на поўдні Францыі і забіў паліцэйскіх, таксама заяўляў пра свае ідэі. Але гэтыя ідэі не каштавалі слёз і крыві загінуўшых. Там і ў любой іншай краіне.

29 і 30 снежня 2013 у Валгаградзе былі ўзарваныя смяротнікамі галоўны чыгуначны вакзал і звычайны тралейбус у ціхім спальным раёне. Усяго тады загінулі 34 чалавекі, дзясяткі атрымалі раненні. І ніякай стратэгічнай выгады ў іх смерці не было і не магло быць ні ў аднаго чалавека. Але тэрарыст першапачаткова не чалавек.

7 студзеня 2015 у Парыжы фанатыкі атакавалі рэдакцыю небясспрэчнага часопіса "Шарлі Эбдо". Але 12 загінуўшых і 11 параненых тады і яшчэ пяцёра забітых радыкаламі праз два дні ў прадуктовым магазінчыку - гэта, бясспрэчна, ахвяры. 58 забітых у сакавіку ў нігерыйскім Майдугуры, 148 - у кенійскай Гарысе ў красавіку, тысячы загінуўшых за апошнія гады ад рук "Бока Харам" па ўсёй Афрыцы - ахвяры. Толькі сёлета сотні ў Кабуле, у Анкары, у Ратчапрасонгу, у Тэль-Авіве, у Дамаску, у Бейруце, а магчыма, і ў небе над Сінаем - ахвяры.

І калі 22 ліпеня на сайце ІДІЛ з'явілася заява аб нападзе "небывалага маштабу", які рыхтуецца ў Парыжы, - гэта ўжо тады азначала новыя ахвяры. Новы боль, які ЯНЫ збіраліся прычыніць у вайне, абвешчанай ІМІ, нехрысцямі, усім людзям, усім нам. І забыць, калі-небудзь адысці ад хваравітых успамінаў пра іх ахвяраў, у тым ліку і сённяшніх, - значыць зведаць новы боль. Дык будзем памятаць!