Сталі вядомыя два галоўныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта Францыі

24 апреля 2017

У другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі прайшлі Эмануэль Макрон і Марын Ле Пен . Экс-міністр эканомікі Пятай Рэспублікі і заснавальнік руху "На маршы" набраў амаль 24 працэнты галасоў, а кіраўніка партыі "Нацыянальны фронт" падтрымалі 22 працэнты - адрыў мінімальны. Падчас падліку бюлетэняў перавага пераходзіла ад аднаго кандыдата да другога. Аднак Макрону ўсё ж удалося вырвацца наперад, калі камісіі абвясцілі лічбы ў буйных французскіх гарадах.

Эмануэль Макрон, кандыдат на пасаду прэзідэнта Францыі:

"Калі наша краіна перажывае беспрэцэндэнтныя ў сваёй гісторыі моманты, адзначаныя тэрарызмам, эканамічнымі праблемамі, пакутай народа, французы выказаліся і далі самы прыгожы адказ, прыйдучы масава галасаваць. Яны вырашылі паставіць мяне на першае месца ў першым туры гэтага галасавання і я сувымяраю аказаны мне гонар і бязмерную адказнасць, якая тым самым на мяне ўскладзена".

Адзначым, фіналісты прэзідэнцкай гонкі прадстаўляюць роўна процілеглыя пункты погляду. Эмануэль Макрон выступае за свабодны міжнародны гандаль і падтрымлівае Еўрапейскі Саюз. Марын Ле Пен супраць глабалізацыі і жадае правесці рэферэндум па выхадзе Францыі з ЕС. Лідар нацыяналістаў назвала вынікі першага тура галасавання гістарычнымі.

Марын Ле Пен, кандыдат на пасаду прэзідэнта Францыі:

"Перад французамі вельмі просты выбар. Або мы працягваем па шляху поўнай дэрэгуляцыі або мы выбіраем Францыю. У вас сёння ёсць шанц выбраць рэальную змену. Настаў час вызваліць Францыю ад эліт, якія дыктуюць нам, як сябе весці. Таму што так, я кандыдат народа".

Услед за фаварытамі прэзідэнцкай гонкі размясціліся рэспубліканец Франсуа Фіён і лідар руху "Францыя, якая не пакарылася" Жан-Люк Меланшон. Яны набралі амаль па 20 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў. Кандыдат ад кіруючай Сацыялістычнай партыі Бенуа Амон набраў менш як 7 працэнтаў галасоў. Абодва палітыкі адразу пасля абвяшчэння першых вынікаў выказалі падтрымку лідару гонкі Эмануэлю Макрону. Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі адбудзецца 7 мая.