Выратавальная аперацыя на Філіпінах не спыняецца

10 ноября 2013

Выратавальная аперацыя на Філіпінах не спыняецца ні на хвіліну. Колькасць ахвяраў супертайфуна Хаян перавысіла 10 тысяч чалавек. І гэта толькі ў адной правінцыі, куды змаглі дабрацца ратавальнікі. На востраве Лейце разбурана 80% пабудоў. Некалькі гарадоў цалкам сцёртыя з зямлі. Адсутнічаюць зносіны і сувязь паміж гарадамі. Тайфун ужо дабраўся да Тайваня. Моцныя хвалі змылі з берагу 16 турыстаў, 8 з іх загінулі.


Расказвае Вадзім Марцішэўскі.


Катастрафічнай сілы ўраган, які напярэдадні прайшоўся па Філіпінах, прызнаны самым магутным з тых, што абрушваліся на сушу. Маштабы разбурэнняў вялізныя. Шасціметровыя хвалі і вецер, хуткасць якога перавышала 300 кіламетраў за гадзіну, выносілі ў акіян усё, што траплялася ім на шляху. Удар стыхіі сцёр з зямлі цэлую правінцыю з насельніцтвам больш за 200 тысяч жыхароў. На шчасце, курортныя зоны тайфун абышоў.


Колькасць пацярпелых ашаламляе. У спісах ахвяраў, паводле неафіцыйнай інфармацыі, звыш 10 тысяч чалавек. Гэта толькі ў адным горадзе. І гэтая лічба яшчэ можа павялічыцца. Большасць загінуўшых альбо патанулі, альбо былі пахаваныя пад разбуранымі будынкамі.


Рэмедыяс Петыла, мэр правінцыі Лейце, Філіпіны: Целы загінуўшых людзей паўсюль: на вуліцах, у дамах, пад абломкамі, яны ўсюды. Мы баімся, што колькасць ахвяраў будзе вельмі высокай.


Асноўныя транспартныя магістралі затоплены або завалены паваленымі дрэвамі. З-за апоўзняў ратавальнікі не могуць дабрацца да разбураных раёнаў, а сувязі няма. На разбор завалаў кінутыя экстранныя службы і армія. Паліцэйскія патрулююць ацалелыя кварталы, каб прадухіліць марадзёрства.


Макс Роксас, міністр унутраных спраў Філіпін: Усе прыкметы цывілізацыі - электрычнасць, водазабеспячэнне - усё выйшла са строю. У мяне няма слоў. Гэта жахлівая чалавечая трагедыя.


Страх ахоплівае людзей, якія выбіраюцца са сваіх сховішчаў. Боль і роспач тых, чые блізкія не змаглі або не паспелі схавацца. Людзі, якія разбіраюць на завалах свае рэчы, разумеюць - жыць ім больш няма дзе.


Да ўдару стыхіі падрыхтаваліся суседнія дзяржавы. Пакідаючы пасля сябе разруху і хаос, супертайфун зараз прыйшоў у В'етнам. Больш за тое, стыхія дасягне і курортных зон. А ў В'етнаме зараз турыстычны сезон як раз у самым разгары.


Нягледзячы на тое што, згодна з паведамленнямі сіноптыкаў, ураган гэтым разам будзе не такой апакаліпсічнай сілы як у краіне сямі тысяч астравоў, тайфун усё яшчэ ўяўляе сур'ёзную небяспеку. Ва ўзбярэжных раёнах В'етнама праведзена масавая эвакуацыя: свае дамы ўжо пакінулі звыш паўмільёна чалавек. Гэтыя людзі будуць чакаць стыхію ў сховішчах. Там, дзе непагадзь ужо бушуе, людзям дапамагаюць эвакуіравацца вайскоўцы.