Сітуацыя на паўднёвым усходзе Украіны застаецца напружанай

22 января 2015

Сама меней 13 чалавек сёння сталі ахвярамі новага абстрэлу ў Данецку, больш за 20 атрымалі раненні. Трагедыя адбылася раніцай у Ленінскім раёне горада. Пад агонь трапілі людзі, якія стаялі на прыпынку грамадскага транспарту. Паводле папярэдніх звестак, гаворка ідзе пра выбух мінамётных мін. Асколкі трапілі ў тралейбус, згарэў таксама аўтамабіль, які стаяў побач. Ёсць інфармацыя пра затрыманне групы дыверсантаў, якія, нібыта, маглі мець дачыненне да таго, што адбылося. Міністэрства абароны Украіны афіцыйна заявіла, што ўзброеныя сілы краіны не маюць дачынення да абстрэлу, і назвала гэта тэрактам. Між тым, сёння прадстаўнікі Савета нацбяспекі Украіны пацвердзілі, што ўкраінскія вайскоўцы пакінулі тэрмінал данецкага аэрапорта, цяжкія баі за які доўжыліся некалькі месяцаў. Адыход на новыя пазіцыі растлумачылі тым, што ў аэрапорце "ўжо няма чаго абараняць". У выніку баявых дзеянняў былі разбураны амаль усе аб'екты паветранай гавані, а таксама ўзлётна-пасадачная паласа.