Расійскія заканадаўцы заклікалі афіцыйную Варшаву спыніць вайну з помнікамі

19 декабря 2015

Праект дакумента быў унесены лідарамі ўсіх фракцый і спікерам ніжняй палаты расійскага парламента Сяргеем Нарышкіным. Дэпутаты адзначылі, што для Расіі як для дзяржавы, якая перамагла нацызм цаной мільёнаў чалавечых жыццяў, выпадкі зносу і апаганення манументаў непрымальныя. Толькі сёлета ў Польшчы было зафіксавана каля 30 выпадкаў зносу пастаментаў савецкай эпохі альбо іх апаганення. Часцей за ўсё ад рук вандалаў, якія застаюцца непакаранымі, пакутуюць памятныя знакі, усталяваныя ў гонар герояў або ахвяраў Другой сусветнай вайны.

Расказвае Юрый Казлоў. Падставай для прыняцця заявы расійскай Дзярждумы стаў ажыятаж вакол зносу помніка генералу Чарняхоўскаму - двойчы Герою Савецкага Саюза - у польскім Пяненжне. Падчас Вялікай Айчыннай Іван Чарняхоўскі, украінец, вызваляў Мінск, Віцебск, Вільнюс. У лютым 1945 быў цяжка паранены асколкамі артылерыйскага снарада ў раёне Пяненжна. Ад атрыманых ран генерал памёр. На месцы яго гібелі і быў усталяваны гэты манумент. Помнік генералу, чыё імя носіць Нацыянальны ўніверсітэт абароны Украіны, быў дэманціраваны ў верасні. Улады Пяненжна абвінавацілі Чарняхоўскага ў дачыненні да рэпрэсій байцоў польскай Арміі Краёвай. Архіўных пацверджанняў такім фактам няма.

Усяго, паводле звестак расійскіх заканадаўцаў, сёлета ў Польшчы зафіксавана каля 30 выпадкаў апаганення альбо разбурэння мемарыяльных аб'ектаў савецкай эпохі. Апошні інцыдэнт адбыўся зусім нядаўна - у канцы лістапада. У горадзе Мелец быў дэманціраваны помнік воіну-вызваліцелю.

Што рабіць з манументамі мінулай эпохі? Адказу на гэтае пытанне ў польскім грамадстве няма. Хтосьці выступае за знос старых помнікаў, хтосьці - супраць. Многім лёс манументаў наогул абыякавы. Вось так жыхары горада Нова-Суль адрэагавалі на дэмантаж пастамента ў гонар савецкіх і польскіх воінаў, якія змагаліся супраць гітлераўцаў.

Стаўленне да савецкіх манументаў расколвае не толькі польскае грамадства. Улетку ў Літве разгарнуліся гарачыя дыскусіі вакол лёсу скульптур рабочых і вайскоўцаў, усталяваных на Зялёным мосце Вільнюса. Дарэчы, раней ён насіў імя таго самага Чарняхоўскага. Скульптуры прыбралі. Замест іх усталявалі вазоны з кветкамі.

Напярэдадні ў Нью-Ёрку была нарэшце прынятая рэзалюцыя аб барацьбе з гераізацыяй нацызму. У адным з пунктаў дакумента, суаўтарам якога з'яўляецца наша краіна, асуджаецца разбурэнне помнікаў тым, хто змагаўся з нацызмам у гады Другой сусветнай вайны. Як менавіта будзе рэагаваць ААН на новыя выпадкі апаганення манументаў, усталяваных у гонар вызваліцеляў Еўропы ад нацызму, пакуль няясна. Ясна адно: з такімі тэмпамі помнікаў савецкай эпохі ва Усходняй Еўропе хутка можа і не застацца. Апаганенне мемарыяльных скульптур і магіл у Польшчы, вайна з манументамі ў дзяржавах Балтыі, украінскі ленінапад…

Але ж стаўленне да помнікаў мінулай эпохі можа быць іншым. У той жа Літве побач з Друскінінкаем працуе парк Грутас, у якім сабраныя старыя помнікі. А ў балгарскай сталіцы чатыры гады таму быў адкрыты музей сацыялістычнага мастацтва - у ім захоўваюцца дзясяткі скульптур салдатаў, партызан, палітыкаў. Паводле слоў супрацоўнікаў музея, захаванне гэтых манументаў - пытанне не толькі гістарычнай памяці, але і элементарнага выхавання.