Свята ўдалечыні ад Радзімы, але з нацыянальным каларытам

3 июля 2014

У Пекіне прайшоў урачысты прыём з нагоды Дня Незалежнасці. У адным з гатэляў кітайскай сталіцы сабраліся больш як 300 дыпламатаў, бізнесменаў і журналістаў. І, вядома, беларусаў, якія жывуць, вучацца і працуюць у Паднябеснай. Каб госці хаця б на адзін вечар адчулі сябе бліжэй да дома, для іх падрыхтавалі гастранамічны сюрпрыз. У Кітай прыбыла каманда повараў аднаго з рэстаранаў беларускай кухні.



Кулінарныя вынаходкі ацаніў і Дзяніс Бальшакоў. Такая колькасць беларусаў у адным з пекінскіх гатэляў бывае хіба што падчас візітаў афіцыйных дэлегацый. Асабняк пасольства не змог бы змясціць усіх, таму прыём арганізавалі менавіта тут.



Напачатку вечара да гасцей звярнуўся пасол Беларусі ў Кітаі Віктар Бура.



Віктар Бура, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў КНР: Мы рэалізавалі канкрэтныя і вельмі добрыя праекты ў Рэспубліцы Беларусь. Прычым, што вельмі радуе, зрабілі гэта не толькі за пазыковыя, няхай і па фінансава прывабных схемах сродкі, але і за кітайскія інвестыцыі.



На пасольскім прыёме з нагоды Дня Незалежнасці наконт узроўню адносінаў можна меркаваць па афіцыйных гасцях. Акрамя бізнесменаў і прадстаўнікоў дыяспары, беларускае свята наведаў намеснік кіраўніка МЗС КНР. На мове дыпламатыі гэта прызнанне асаблівага статусу двухбаковых сувязяў.



Для кітайскіх беларусаў (а на свята з'ехаліся нашы землякі з усіх куткоў Паднябеснай) падрыхтавалі кулінарны падарунак. Спецыяльна з Мінска ў Пекін прыбылі повары аднаго з рэстаранаў беларускай кухні.



Гаварылі на свяце і наконт спраў. Акрамя Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку, абмяркоўвалі цэлюлозны завод у Светлагорску і інвестыцыі ў дрэваапрацоўку. Апошнія, дарэчы, ацэньваюць у паўтара мільярда долараў.