Пажар у лонданскім гмаху - не тэракт

15 июня 2017

Пажар у лонданскім гмаху - не тэракт, заявілі сёння ў Скотленд-Ярдзе. Ахвярамі трагедыі, паводле апошніх звестак, сталі ўжо 17 чалавек. Яшчэ 37 знаходзяцца ў бальніцах, 17 з іх у крытычным стане. Дзясяткі людзей лічацца прапаўшымі без вестак. Згарэлы будынак Грэнфел-таўэр па-ранейшаму дыміцца, пажарнікі працуюць ва ўмовах павышанай небяспекі. Пошукі загінуўшых давялося часова прыпыніць праз рыск абвальвання будынка. Месца трагедыі наведала сёння брытанскі прэм'ер Тэрэза Мэй. Яна правяла гутарку з пажарнікамі і паабяцала асабіста курыраваць расследаванне прычын трагедыі.

Прэм'ер таксама засведчыла, што ўрад паклапоціцца пра тых, хто страціў жыллё ў выніку надзвычайнага здарэння. Падчас аперацый атрымалася выратаваць 65 жыхароў. Усяго ў гмаху маглі пражываць каля 600 чалавек. Капітальны рамонт тут завяршыўся толькі год таму, але скаргі на праблемы з пажарнай бяспекай працягвалі паступаць.