На поўначы Ізраіля ўведзены рэжым надзвычайнага становішча

25 ноября 2016

У рэжыме надзвычайнага становішча. На поўначы Ізраіля з-за моцных лясных пажараў эвакуіравана каля 80-ці тысяч жыхароў Хайфы. І хоць самыя магутныя ачагі пажару ўжо атрымалася лакалізаваць, прыгарадам па-ранейшаму пагражае полымя. Прычынай бедства следства лічыць наўмысныя падпалы. Напярэдадні кіраўнік ізраільскага ўрада заявіў, што "падпалы будынкаў і лясных насаджэнняў у Ізраілі з'яўляюцца актамі тэрору". Некалькі чалавек ужо арыштаваныя.

З падрабязнасцямі - Лізавета Казакова. Моцны пажар літаральна паглынуў цэнтр Хайфы. Вецер парывісты: агонь хутка распаўсюджваецца на ўсё новыя плошчы. Полымем агорнутыя дамы, паркі, выгаралі цэлыя вуліцы. Але большасць жыхароў горада напярэдадні эвакуіравалі.

Для Ізраіля гэта самыя страшныя лясныя пажары з 2010 года, калі загінулі 42 чалавекі. Тады перамагчы агонь атрымалася толькі з дапамогай Supertankerа - спецсамалёта з ЗША. Вось і зараз урад Ізраіля просіць аб экстраннай міжнароднай дапамозе. Мясцовыя пажарныя брыгады з вогненнай стыхіяй справіцца не могуць. Харватыя, Італія, Грэцыя, Расія і Кіпр накіроўваюць у ачаг бедства свае самалёты. Пазней да іх далучыліся Украіна і Азербайджан.

Аб узгараннях паведамляюць таксама з Палесцінскай аўтаноміі. Пацярпелых ужо больш за 130-ць. Пакуль гэта толькі версія, але магчымай прычынай магчымых злачынстваў можа быць прапанаваны ўрадам Ізраіля законапраект аб забароне муэдзінаў - заклікаў з мячэцяў да малітваў. Ён выклікаў бурную рэакцыю з боку мусульманскай часткі насельніцтва Ізраіля.

Але галоўнае зараз - забяспечыць маштабныя і зладжаныя выратавальныя дзеянні. Бо сіноптыкі паведамляюць, што да 29 лістапада ў Ізраілі захаваецца сухое надвор'е і ўстойлівы ўсходні вецер, у дадзеным выпадку - вельмі небяспечны. Выратавальныя дажджы абяцаюць толькі 30 лістапада.