Гучная справа аб выкраданні людзей у ЗША

7 мая 2013

У Кліўлендзе з сексуальнага рабства вызваленыя тры жанчыны. Іх 10 гадоў утрымлівалі суседзі-лацінаамерыканцы. Паліцыя ўдакладняе ўсе дэталі жудаснага здарэння, у заложніц маглі быць ад выкрадальнікаў дзеці.


 Расказвае Анатоль Ліпецкі.
Дом, у якім утрымлівалі жанчын, знаходзіўся ўсяго за некалькі кіламетраў ад таго месца, дзе  апошні раз  шмат гадоў таму  бачылі прапаўшых без вестак. Паведамляецца, што 16-гадовая Аманда Беры знікла 21 красавіка 2003 года. У гэты дзень яна патэлефанавала сястры і сказала, што яе падвязуць да дома ад закусачнай Бургер Кінг, дзе яна працавала. Праз год  у гэтым жа раёне Кліўленда знікла 14-гадовая Джына Дэхесус, якая вярталася са школы дадому. Мішэль Найт, якой зараз 32 гады, знікла ў 20. Выратаваў дзяўчат сусед.
Чарльз Рэмсі, сусед: …Я пачуў крыкі і ўбачыў, што дзяўчына з усіх сіл спрабуе выбрацца вонкі. Я падняўся на ганак, а яна гаворыць: Дапамажы мне выйсці, я тут ужо даўно. Я думаў, гэта нейкія сямейныя разборкі, прапанаваў выйсці. Але дзяўчына сказала, што дзверы зачыненыя. Нам прыйшлося проста выбіць ніз дзвярэй, добра, што яны былі алюмініевыя, танныя. Жанчына выбралася вонкі, мы патэлефанавалі ў службу выратавання 911. Астатніх вызваліла паліцыя.
Усе тры жанчыны шпіталізаваныя, іх фізічны стан на дадзены момант ацэньваецца як здавальняючы. Па справе аб выкраданні ўжо арыштаваныя тры браты-лацінаамерыканцы. Паліцыя не называе іх імёнаў. Адзначаецца, што гаворка ідзе пра мужчын ва ўзросце 50, 52 і 54 гадоў.
Варта адзначыць, што раней паліцыя меркавала, што жанчыны альбо былі забітыя, альбо прададзеныя ў рабства. Год таму адзін са зняволеных паказаў месца, дзе нібыта была пахаваная Аманда Беры, пасля чаго тэрмін зняволення мужчыне быў зніжаны. Зараз крымінальную справу адправяць на перагляд.