Прэзідэнт на тыдні ўшаноўваў спартсменаў і трэнераў, якія трыумфальна выступілі на чэмпіянаце Еўропы ў Батумі

28 апреля 2019
Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў працу каманды, падкрэсліўшы, што і планку паднялі высока. Падчас чаявання ў дэталях разабралі чэмпіянат, атмасферу ў камандзе і адбор перспектыўных спартсменаў. 

"Залатога поспеху" дабіліся Яўген Ціханцоў, Генадзь Лапцеў, Дар'я Навумава. Кантынентальны форум у Грузіі атрымаўся для нас не толькі трыумфальным, але і драматычным. Так, на думку трэнераў, з-за спрэчных судзейскіх рашэнняў каманда не далічылася трох узнагарод. Найболей абуральны выпадак - незалічаная спроба Андрэя Арамнава. Суддзі пазбавілі алімпійскага чэмпіёна новага рэкорду Беларусі.

Але падчас ушаноўвання пераважаў пазітыў. Ганаровае званне "Заслужаны майстар спорту" прысвоена Дар'і Навумавай. Медаль "За працоўныя заслугі" ўручылі старшаму трэнеру - выкладчыку Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі" Валерыю Сізянку. Падзякі Прэзідэнта аб'яўленыя трыумфатарам чэмпіянату - Яўгену Ціханцову, Генадзю Лапцеву, а таксама галоўнаму трэнеру мужчынскай зборнай Беларусі Віктару Шаршукову і галоўнаму трэнеру жаночай зборнай Валянціну Кароткіну.

Перад пачаткам сустрэчы для членаў нацыянальнай каманды правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці. Спартсмены і трэнеры даведаліся гісторыю з'яўлення будынка, наведалі асноўныя залы. Напрыклад, Зялёную, дзе адбыліся вядомыя ўсяму свету перамовы "нармандскай чацвёркі". Для яркага фота некаторыя нават селі за "стол перамоў". Пабывалі і ў Каміннай зале, якая ўжо стала рэкардсменам па колькасці прынятых гасцей. За год тут праходзіць каля 200 мерапрыемстваў.