Вынас зборнай Беларусі флага Расіі на адкрыцці Паралімпійскіх гульняў - ініцыятыва беларускай дэлегацыі

8 сентября 2016

Вынас зборнай Беларусі флага Расіі на цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра з'яўляецца дзяржаўнай пазіцыяй. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант. Яна адзначыла, што гэты ўчынак - ініцыятыва беларускай дэлегацыі.

"Тым не менш падкрэслю, што гэта пазіцыя дзяржаўная, у тым ліку пазіцыя Прэзідэнта краіны, Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі вельмі інтэрнацыянальныя. Думаю, не будзе перабольшаннем сказаць, што паралімпійцы - гэта адна вялікая сям'я, незалежна ад нацыянальнасці чалавека. Менавіта таму абсалютна зразумелы гэты жэст нашых паралімпійцаў. Мы ў гэтым пытанні з расіянамі салідарныя цалкам".