Сёння ў Пхёнчхане разгарэўся запал не на жарт падчас суперфіналу фрыстайлістаў

18 февраля 2018

Балельшчыкі выйшлі з плакатамі, каб яшчэ раз звярнуць увагу на несправядлівае судзейства, якое не пусціла алімпійскага чэмпіёна Сочы Антона Кушніра ў фінал спаборніцтваў.

"Вярніце Антону фінал!" - галоўны заклік беларусаў у Пхёнчхане. Напярэдадні Мікалай Казека ў інтэрв'ю нашаму агенцтву заявіў, што з яго падапечным звялі рахункі і вырашылі пазбавіцца ад канкурэнта яшчэ на стадыі кваліфікацыі. Ніхто з трэнераў так і не зразумеў, у чым менавіта правініўся Антон. Найменшую колькасць балаў ён атрымаў ад швейцарскіх суддзяў. Уладзімір Навіцкі, які каменціраваў кваліфікацыю, адразу пасля сенсацыйнага рашэння паспеў пагутарыць і з калегамі, і са спецыялістамі.

Нявыхад Кушніра ў фінал спаборніцтваў выклікаў здзіўленне і ў спартсменаў, якія ў гэтыя дні знаходзяцца ў Раўбічах, дзе прайшло адразу тры этапы Кубка Еўропы.

Адзначым, сёння ў ліку прэтэндэнтаў на медалі быў наш Станіслаў Гладчанка. У першым фінале спартсмен выконваў скачок, які быў у кваліфікацыі, - патройнае сальта з чатырма вінтамі. І са сваёй задачай выхаду ў лік дзевяці наймацнейшых справіўся. Суддзі па выніках першага фіналу паставілі беларуса на пятае месца. Завяршылі барацьбу на гэтай стадыі тры спартсмены, у тым ліку і два швейцарцы. У другім фінале Гладчанка павялічвае складанасць свайго скачку і выконвае яго бездакорна. Такім чынам наш лыжны акрабат, дэбютант Алімпійскіх гульняў, выходзіць у суперфінал.

У суперфінале Станіслаў Гладчанка прымае рашэнне зноў пайсці на рызыку і заяўляе скачок з каэфіцыентам чатыры дзевяцьсот. Скачок патройнае сальта з пяццю вінтамі. Беларус пайшоў па-банку, але зваліўся падчас прызямлення. Суддзі паставілі яму ацэнку 92,61 - і гэта шосты вынік. Алімпійскім чэмпіёнам у лыжнай акрабатыцы ў выніку стаў украінец Аляксандр Абраменка.