Зборная Беларусі зраўнавала лік у супрацьстаянні з Партугаліяй

13 сентября 2019
Пасля першага дня супрацьстаяння Беларусь - Партугалія  парытэт! Зборныя сустракаюцца ў сталічным Палацы тэніса ў рамках першай Еўра-Афрыканскай групы Кубка Дэвіса. У стартавым матчы  Ілья Івашка  саступіў Жуану Соўзу ў трох сэтах  6:4, 1:6, 2:6. Рэванш удалося ўзяць першай ракетцы Беларусі  Ягору Герасімаву. Ён практычна не пакінуў шанцаў Жуану Дамінгешу. Амаль за гадзіну беларус справіўся з апанентам - 6:2, 6:3. Пераможца пары вызначыцца заўтра.

А першая ракетка жаночай зборнай - Арына Сабаленка - у гэтыя хвіліны змагаецца за выхад у паўфінал турніру ў кітайскім Чжэнчжоу. Саперніца нашай тэнісісткі  -  23-ая ракетка свету  харватка Петра Марціч. Менавіта яна ў напружанай барацьбе выйграла першы сэт - 7:5, але ў другой партыі з такім жа лікам мацнейшай была ўжо наша тэнісістка. Зараз ідзе вырашальная партыя. Прамую трансляцыю вядзе тэлеканал "Беларусь 5".