Падрыхтоўка эстафеты агню "Полымя міру", эксклюзіўныя кадры працэсу вытворчасці факела

31 марта 2019

Крыху  больш за  месяц застаецца і да старту эстафеты агню "Полымя міру". Гэтая падзея папярэднічае II Еўрапейскім гульням. Агонь яркіх перамог будзе запалены ў Рыме і пройдзе да Мінска па краінах Еўропы. Маштабная акцыя, дзякуючы якой пра нашу краіну пачуе ўвесь свет. Ужо гатовы да спартыўнага падарожжа і галоўны сімвал эстафеты агню - факел. 

Яго афіцыйная прэзентацыя адбудзецца 6 красавіка. Але "Галоўнаму эфіру" дасталася эксклюзіўнае права - прасачыць за працэсам вытворчасці факела. Кім ствараўся, як выглядае сімвал мультыспартыўнага форуму, якая працягласць яго гарэння, што рабіць, калі падчас эстафеты "Полымя міру" разгуляецца вецер - у гарачым, як алімпійскі агонь, рэпартажы Іны Пілевіч. 

Апошні раз яе запальвалі на Алімпіядзе-80. Чаша стадыёна "Дынама"  другі раз у гісторыі загарыцца 21 чэрвеня і тым самым адзначыць старт II Еўрапейскіх гульняў. 

Полымя з Рыма прыбудзе вось у такім факеле. Выраб цэлай партыі важных атрыбутаў мультыспартыўнага форуму зараз завяршаецца выключна сіламі беларускіх спецыялістаў.

Бяспека, зручнасць пры нашэнні, гарэнне нават у экстрэмальных умовах надвор’я. Гэта толькі некалькі патрабаванняў, якія выстаўляліся патэнцыяльным распрацоўшчыкам факела. Па выніках конкурсу, вытворчасць яркага сімвала II  Еўрапейскіх гульняў даручылі Навагрудскаму заводу газавай апаратуры. 

Сяргей Хоміч,  начальнік упраўлення фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў": "Ён павінен быць не вышэйшым за 80 сантыметраў, не цяжэйшым за 2 кілаграмы, забяспечваць гарэнне мінімум 15 хвілін. Беларускі факел усім гэтым патрабаванням адпавядае". 

Запальваць полымя спартыўных сэрцаў будзе канструкцыя амаль з 40 дэталяў. Большасць з іх вырабляецца ў аўтаматычным рэжыме. Для станкоў былі спецыяльна напісаныя праграмы. Але машынам не давяраюць корпус факела. Тут падыход ювелірны. Бо менавіта ручка выконвае функцыю балона, што дазваляе выкарыстоўваць факел шмат разоў. 

Для параўнання, на Алімпіядзе-80 факел запраўлялі не газам, а цвёрдым ракетным палівам, што стварала пэўную рызыку для факеланосцаў. Трохразоваму алімпійскаму чэмпіёну па вольнай барацьбе Аляксандру Мядзведзю давялося ўціхамірваць полымя ў вядры вады. 

Частку вытворчасці факела II Еўрапейскіх гульняў узялі на сябе сталічныя кампаніі. Так, у Мінску рабілася лазерная рэзка нержавеючай сталі, яе афарбоўка і гравіроўка. Непакрытым метал застаўся толькі на вярхушцы факела. Асноўная частка корпуса выкананая ў святочным беласнежным колеры. 

Факел з нацыянальным каларытам. Гэта бачна ў дэталях. Ручка ўпрыгожаная ўзорам выцінанкі. 

Такія выразалі з паперы нашы бабулі. А чаша нагадвае папараць-кветку. Тую самую міфічную, якую ў свята летняга сонцастаяння шукаюць беларусы. 

Вага вогненнай папараць-кветкі  - 1 кілаграм 760 грамаў. На адлегласці выцягнутай рукі ад Рыма да Мінска з ёй пройдуць 4 з паловай сотні факеланосцаў.

Усяго да II Еўрапейскіх гульняў будуць зроблены 2 сотні факелаў. Такая вялікая партыя заказана не толькі з практычнага пункта погляду. Пасля завяршэння эстафеты агню факелы будуць падораныя Нацыянальным алімпійскім камітэтам і гарадам-удзельнікам як памяць пра мультыспартыўны форум і Беларусь.