"Полымя міру" завяршыла падарожжа па Гомельскім рэгіёне прыпынкам у Мазыры

10 июня 2019

Да яркай кульмінацыі набліжаецца і падарожжа факела Еўрапейскіх гульняў. Лічаныя дні застаюцца да ўрачыстай цырымоніі запальвання агню на стадыёне "Дынама". "Полымя міру" завяршыла свой ваяж па паўднёва-ўсходнім рэгіёне краіны. Па дарогах Гомельскай вобласці эстафета пераадолела сотні кіламетраў  і пабывала ў 5 населеных пунктах. Апошнім прыпынкам  стаў Мазыр. Там агонь спартыўнага форуму наведаў некалькі прадпрыемстваў раёна і асвятліў яго сэрца - Мазырскі замак. Як фінішавала эстафета на гомельскай зямлі - рэпартаж Ганны Кавалёвай.

Нафтаперапрацоўчы гігант Гомельскай вобласці. Менавіта тут пачаўся апошні марш-кідок эстафеты па поўдні краіны. На мазырскім прадпрыемстве "Полымя міру" пранеслі па нафтавых джунглях -  уздоўж вялізных установак завода.

Паўтары гадзіны і агонь ужо ў Мазырскім раёне  на наймацнейшым сельгаспрадпрыемстве вобласці з сімвалічнай для моманту назвай "Зара". Шматпрофільны аграпрамысловы комплекс з прагрэсіўнымі тэхналогіямі. Тут агонь асвятліў вытворчыя плошчы птушкафабрыкі.

Наступны прыпынак - Мазырсоль. Прадпрыемства-гарант харчовай бяспекі краіны. Цяжкавагавік на постсавецкай прасторы. Прадпрыемства вядома не толькі вытворчасцю солі экстра-класа, але і сваімі супрацоўнікамі. Вялікая ўвага ў калектыве надаецца спорту. Таму ў ім ёсць нават чэмпіёны Еўропы. Як прыклад, Сяргей Сітнік. Менавіта ён пранёс па прадпрыемстве палымяны факел.

Сяргей Сітнік, чэмпіён Еўропы па гіравым спорце: "Хвалююся, любы спартсмен хвалюецца. Вялікі гонар. Такое свята. Гэта вельмі вялікая падзея для Беларусі.  Я хачу пажадаць спартсменам поспеху, перамог і сумленнай барацьбы".

Яшчэ адзін кіламетровы рывок  і калона ўжо ў самым сэрцы старажытнага горада.

Гэтае ўзноўленае гарадзішча - сімвал тысячагадовай гісторыі Мазыра. Такая пабудова была тут яшчэ 10 стагоддзяў таму. З “Полымем міру” факеланосцы прайшлі і тут.

У Мазырскі замак яны ўвайшлі пад гукі сярэдневяковай музыкі. Удзельнікі эстафеты прабеглі па рэканструяваным старажытным горадзе. Затым маршрут прадоўжыўся ўжо па сучасных вуліцах Мазыра.

Эстафета па мазырскай зямлі завяршыла вялікае падарожжа па Гомельскім рэгіёне. Ужо сёння “Полымя міру” ўрачыста перадалі Мінскай вобласці.

Ксенія Сітнік, пераможніца дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2005": "Гэта неверагодны момант. Вельмі запамінальныя эмоцыі, якія застануцца з намі назаўжды".

Заўтра агонь сустрэнуць у Салігорску, затым у Нясвіжы. На чарзе таксама Маладзечна, Мядзел, Нарач, Барысаў і Жодзіна. Сталічны рэгіён стане фінішным на шляху да стадыёна "Дынама", дзе дадуць старт II Еўрапейскім гульням.