Пра галоўныя спартыўныя дасягненні - у рубрыцы "Матчбол"

14 марта 2022

Мінскае хакейнае "Дынама" завяршыла выступленне ў КХЛ. У першым раўндзе плэй-оф беларуская дружына саступіла ў серыі хакеістам СКА 0:4. Стадыю 1/8 спаборніцтваў "зубры" пакуль не праходзілі ў гісторыі. Тым часам стартавала стадыя плэй-оф у айчыннай Экстралізе. Пра гэта і не толькі ў рубрыцы "Матчбол".

Выдатна выступаюць беларускія атлеты на этапе Кубка Расіі па біятлоне. Антон Смольскі ўжо перамог двойчы, а п’едэстал мужчынскага пасьюту ўвогуле атрымаўся выключна беларускім.

Пасля палітычнага рашэння Міжнароднага саюза біятланістаў страляючыя лыжнікі Расіі і Беларусі прадоўжылі сезон ва Уфе - менавіта тут праходзіць апошні этап Кубка Расіі. Нашы землякі ў Башкартастане выступілі больш чым упэўнена. Спачатку Антон Смольскі перамог у спрынце, а потым і ў гонцы праследавання. Цікава, што другое і трэцяе месцы таксама за беларусамі: Дзмітрыем Лазоўскім і Мікітам Лобаставым адпаведна.

Не было роўных сёння ў жаночым пасьюце і Дзінары Алімбекавай. Чацвёртае месца ў спрынце змяніла на першае, дапусціўшы два промахі.

У сераду, 16 сакавіка, спаборніцтвы прадоўжацца гонкамі з масс-стартам. Тут, безумоўна, зноў чакаем перамог беларусаў.

Дзяўчаты футбольнага клуба "Дынама-Мінск" - уладальніцы Суперкубка Беларусі. Напярэдадні бела-блакітныя перамаглі свайго галоўнага канкурэнта апошніх гадоў - ФК "Мінск".

У першым тайме Піліпенка і Маркушэўская вызначыліся, у другім нападаючая зборнай Кеніі, а зараз і "Мінска" Вафула Марджален Некеса скараціла адставанне, аднак на большае "гараджанкам "не хапіла часу. Каманда Юрыя Малеева другі год запар заваёўвае гэты трафей.

Дарэчы, ужо ў пятніцу стартуе чэмпіянат Беларусі сярод жаночых каманд: "Дынама" ў гасцях згуляе супраць "Віцебска", а "Мінск" сустрэнецца ў Брэсце з мясцовым "Дынама".

На гэтым тыдні працягваем сачыць за плэй-оф хакейнай Экстралігі, футбольнай Лігай чэмпіёнаў і КХЛ. А ў пятнцу, 18 сакавіка, нагадаем, стартуе чэмпіянат Беларусі па футболе. Дзеючы пераможца турніру - "Шахцёр" - у суботу ў Брэсце згуляе супраць мясцовага "Дынама". Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі.