Горкая страта для алімпійскага руху. Янез Качыянчыч памёр пасля працяглай хваробы

2 июня 2020
Сумная навіна прыйшла са свету спорту. Прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч  памёр 1 чэрвеня пасля працяглай хваробы. Яго смерць стала вялікай і горкай стратай для міжнароднага алімпійскага руху, якому ён прысвяціў сваё жыццё. Светлая памяць аб Янезе Качыянчычу  назаўжды застанецца ў сэрцах родных, калег і ўсёй спартыўнай супольнасці, адзначыў Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка ў спачуванні Прэзідэнту Міжнароднага алімпійскага камітэта Томасу Баху. Андрэй Казлоў - пра персону вялікага сябра Беларусі. 

Запальванне агню ІІ Еўрапейскіх гульняў, перадача факела беларускай дэлегацыі ў Рыме і доўгі і займальны шлях эстафеты "Полымя міру" ў Мінск - усё гэта ўжо ў летапісе нашага спорту. Кожны глядач на гэтых кадрах пазнае Янеза Качыянчыча, які не з'яўляўся на публіцы без усмешкі.

У першы дзень лета пасля працяглай хваробы кіраўніка Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў не стане. З часам усмешку  Качыянчыча ведаў ці не кожны беларус. Бо кіраўнік еўрапейскага алімпійскага руху асабіста сачыў за падрыхтоўкай галоўнай мультыспартыўнай падзеі 2019 года. Шмат у чым дзякуючы  Качыянчычу наша краіна атрымала права правесці ў сябе ІІ Еўрапейскія гульні, а крыху раней у нашай сталіцы з яго падачы прайшла 25-я Асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Янез верыў у спартыўны патэнцыял нашай краіны і заўсёды адзначаў высокаразвітую інфраструктуру. Рэгулярна сустракаўся з Прэзідэнтам Беларусі і ніколі нікому не адмаўляў у інтэрв'ю - ідэалы спорту ён пранёс праз усё сваё жыццё. 

Само ж спартыўнае свята атрымалася яркім, а цырымоніі адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў натхнілі Качыянчыча сваёй кранальнасцю. Словы на роднай для нас беларускай мове абляцелі ўвесь свет. 

Янез  Качыянчыч шмат працаваў з журналістамі Агенцтва тэленавін. Зазіраў у нашу выязную студыю ля стадыёна "Дынама". А падчас камандзіровак заўсёды цікавіўся справамі. Такім вось чалавекам слова, прафесіяналам, шчаслівым і маладым дзядулем еўрапейскага спорту мы Янеза  Качыянчыча і запомнім.