"Гонка легенд" сусветнага біятлона ў Pаўбічах

12 сентября 2015

У Pаўбічах, дзе госці і ўдзельнікі "Гонкі легенд" сусветнага біятлона сталі сведкамі нараджэння новай традыцыі - традыцыі, дзякуючы якой, тыя, хто пісаў гісторыю сучаснага біятлона, зноў могуць акунуцца ў атмасферу спаборніцтваў, адчуць сябе, як адзначыла ініцыятар спаборніцтваў, трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава, часткай вялікай біятлоннай сям'і і зноў адчуць увесь спартыўны азарт. Яшчэ напярэдадні на сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы яна распавяла пра ўсе нюансы маючай адбыцца гонкі. І вось сёння, як відаць, нарадзілася традыцыя, якая дорыць незабыўную радасць сустрэчы са сваімі кумірамі балельшчыкам. На трыбунах не тое, што яблыку няма дзе было ўпасці. Сюды ехалі з замежжа, за многія сотні кіламетраў… Словам, свята, якое, з аднаго боку, ставіла вельмі і вельмі высакародную мэту - дапамагчы ў будаўніцтве дзіцячага хоспіса, з другога - вельмі практычную - выпрабаваць спарткомплекс на прадмет гатоўнасці да маштабных стартаў, - атрымалася. Некаторыя зоркі нават дазволілі пэўную адкрытасць, заявіўшы, што адзін з найбліжэйшых чэмпіянатаў свету па летнім біятлоне павінен адбыцца менавіта тут, у Раўбічах. Такім чынам, пра першую ў гісторыі сучаснага біятлона "Гонку легенд" - Павел Капуцкі.

Яшчэ за некалькі гадзін да старту гонкі ў Раўбічах было людна, а на пад'ездзе да спарткомплексу ўтварыліся заторы. Большасць біятлонных зорак у Беларусь прыехала ўпершыню. Унікальнай магчымасцю ўбачыць Міхаэля Грайса, Свена Фішэра, Ліў-Грэтэ Пуарэ і шматлікіх іншых скарысталіся 8 з паловай тысяч балельшчыкаў.

Атмасфера на трыбунах мала чым адрозніваецца ад этапаў Кубка свету. Хіба што надвор'ем. У верасні ў Беларусі снегу няма. Сярод гледачоў не толькі нашы людзі. Некаторыя ездзяць за сваімі кумірамі па ўсім свеце.

Дар'і Домрачавай рана ўдзельнічаць у "Гонцы легенд", яна дзеючая спартсменка, хоць і ўзяла паўзу. Беларуская ракета стала адным з арганізатараў фестывалю. Яна асабіста запрашала старэйшых таварышаў у Раўбічы.

Нарвежац Фрудэ Андэрсен усяго адзін раз перамагаў на Алімпіядзе. Усяго, таму што сярод удзельнікаў хапае шматразовых чэмпіёнаў. Але тут, у Раўбічах, менавіта Фрудэ стаў лепшым у мужчынскім суперспрынце. У жаночай гонцы перамагла францужанка Флоранс Баверэль-Робер.

Пасля суперспрынтаў спартсмены адправіліся ў закрыты цір. Не страляць. Тут праходзіла аўтограф-сесія. Вялізныя чэргі і як вынік - атрымаць запаветныя карткі змаглі не ўсе.

Да яго па аўтограф чарга была не меншая, чым да алімпійскіх чэмпіёнаў. Галоўны біятлонны тэлежурналіст Расіі Дзмітрый Губерніеў быў вядучым фестывалю. Яго ў Раўбічы таксама запрашала Домрачава.

У эстафеце лепшай стала франка-нямецкая пара Баверэль-Робер - Фішэр. Пасля шматгадовага перапынку яны зноў падняліся на п'едэстал. "Гонка легенд", падобна, стане добрай традыцыяй. А яшчэ Беларусь зноў заявіла, што гатова прымаць самыя буйныя біятлонныя старты.