Чэмпіянат Еўропы па біятлоне - 2019. Дзень другі: змяшаная эстафета

21 февраля 2019

Мы не перастаём сачыць за развіццём падзей у Раўбічах. Сёння другі дзень чэмпіянату Еўропы. У праграме спаборніцтваў запланаваныя самыя відовішчныя дысцыпліны - эстафеты. Старт менш як праз гадзіну. Залатыя медалі кантынентальнага першынства напярэдадні ў індывідуальных гонках узялі балгарын Красімір Анеў і шведка Ханна Эберг. І, вядома ж, мы віншуем нашу Ірыну Крыўко, якая стала трэцяй. Прычым, умовы надвор’я ўчора былі не лепшымі. У Раўбічах дзяжурыць здымачная група Агенцтва тэленавін. На прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Крысціна Камыш (прамое ўключэнне).

Добры дзень! Сапраўды, учора надвор'е ўнесла свой уклад. Калі на індывідуальнай гонцы ў мужчын быў моцны вецер, то вечарам у жанчын перад стартам у дадатак да яго наогул пайшоў снег з дажджом.

Гэта, вядома, размякчыла трасу. А каля 200 біятланістаў яе разбілі. Што ж! Сёння пакуль без ападкаў. Зараз прыблізна мінус 4. Уначы да таго ж падмарозіла. І арганізатары, супрацоўнікі спарткомплексу паспелі падрыхтаваць дыстанцыі да сінгл-міксту і змяшанай эстафеты. Да гэтай хвіліны сервісмэны нацыянальных каманд ужо змазалі ўсе лыжы.

Такім чынам, сёння ў праграме спаборніцтваў эстафеты. Сінгл-мікст пачнецца ў 16:00. Беларусь прадставяць Алена Кручынкіна і Уладзімір Чапелін. У 7 гадзін вечара - змяшаная эстафета. З нашых пабягуць Дынара Алімбекава, Ірына Крыўко, Раман Ялётнаў і Сяргей Бачарнікаў. У спартсменаў будзе лічба 9 на біпах. Балельшчыкі паволі падцягваюцца на трыбуны. Такі ажыятаж чэмпіянату Еўропы, вядома, заўважаюць прадстаўнікі IBU - Міжнароднага саюза біятланістаў.

А зараз інфармацыя для тых, хто толькі збіраецца ў Раўбічы. Месцы для транспартных сродкаў наведвальнікаў вызначаныя на трох стаянках. Увогуле гэта 1 тысяча 500 месцаў. Для зручнасці балельшчыкаў курсіруе прыгарадны экспрэс-маршрут. Ён адпраўляецца ад станцыі метро "Барысаўскі Тракт". На стадыёне падчас гонак арганізаваныя забаўныя праграмы. Таксама падрыхтаваная вялікая зона гасціннасці.

Прамыя трансляцыі з Раўбіч вядзе тэлеканал "Беларусь 5". Хварэем за нашых спартсменаў!