Завяршыўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан

14 сентября 2018

Завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан. Вынікі плённага перагаворнага марафону яшчэ трэба будзе падвесці. Ды і ажыятаж у прэсе па слядах сустрэч на вышэйшым узроўні не сціхае. Больш за 20 гадоў паміж краінамі не было інтэнсіўных кантактаў, поўная перазагрузка адносін Беларусі і Узбекістана звязаная і з асобай новага прэзідэнта. Абодва лідары не раз адзначалі дружалюбны характар адносін, які дадатна ўплывае і на ўсе сферы супрацоўніцтва. Учора ў Ташкенце былі падпісаныя 16 дакументаў. Размова пра стварэнне сумесных прадпрыемстваў, паглыбленне прамысловай кааперацыі, а таксама пра пастаўкі тавараў. Вядома, асаблівая ўвага была прыкавана і да самога фармату, у якім праходзілі перамовы палітыкаў. Марафон даўжынёю 10 гадзін. І нават калі сцямнела, палітыкі працягнулі яго на сумесным прадпрыемстве "Амкадор". Сустрэча дапоўнілася і нефармальнай размовай. Сёння беларускі лідар па запрашэнні свайго калегі наведаў загарадную рэзідэнцыю прэзідэнта "Кайнарсай". Знак асаблівай павагі і сяброўства. На свежым паветры, а пасля за рабочым сняданкам прэзідэнты размаўлялі больш як тры гадзіны.

Вынікі гэтага палітычнага дня ў Ташкенце, а таксама ацэнкі экспертаў і міжнароднай супольнасці - у рэпартажы Ілоны Красуцкай. Поўная імправізацыя на вышэйшым узроўні, якую ніяк не змясціць у пратакольныя рамкі. Толькі перагаворны марафон палітыкаў у рэзідэнцыі "Куксарой" учора доўжыўся 6 гадзін. Спачатку кіраўнікі дзяржаў збіраюць невялікі міністэрскі і ўрадавы пул на першы раўнд перамоў у вузкім складзе, размаўляюць 1,5 гадзіны, а пасля яшчэ столькі ж асабіста. Паралельна ў гэты час дзве дэлегацыі таксама выбіраюць нязвыклую для афіцыйнай часткі гутарку. Не за сталом перамоў, а гаворачы проста, на нагах абмяркоўваюць з калегамі новыя праекты.

Пасля, калі Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў сядуць за стол перамоў, стане зразумела: сухой фармулёўкі "пашырыць супрацоўніцтва ва ўсіх кірунках" ужо дакладна ніхто не пачуе. Кіраўнік беларускай дзяржавы і яго калега назавуць пэўныя праекты. А як інакш, у мінулым паўза ў кантактах даўжынёю 24 гады. Новы прэзідэнт, цалкам новыя дамоўленасці. Зараз поўная перазагрузка адносін.

Заява для СМІ - гэта таксама пратакольная частка перамоў. Як правіла, доўжыцца нядоўга, 10-15 хвілін, каб расставіць галоўныя акцэнты, крыху больш растлумачыць тое, пра што гаварылі за зачыненымі дзвярамі. Але тут таксама поўная імправізацыя. Мерапрыемства доўжылася амаль гадзіну. Ды і да заявы было мала падобна. Хутчэй, шчырая размова, прычым не толькі з журналістамі. У адной зале і топ-менеджары, і ўвесь склад урадаў. Новыя даручэнні і праекты ўзнікалі проста падчас дыскусіі.

Аляксандр Лукашэнка прызнаецца, не любіць мемарандумы. Іншая справа - пэўныя пагадненні і дамовы. Такіх у Ташкенце падпісалі 15 на ўрадавым і міністэрскім узроўнях. Пад сумесным пагадненнем паставілі аўтографы і самі прэзідэнты.

Сумесныя прадпрыемствы ад прамысловых да харчовых, стварэнне сэрвісных цэнтраў і экспарт тавараў. Задач на гэты год і перспектыву ў краін хапае, прыярытэтныя патрапяць у дарожную карту. Яе звярстаюць за тыдзень - гэта яшчэ адно патрабаванне прэзідэнтаў.

Выставачны комплекс "Узэкспа" на працягу некалькіх дзён належыць бізнесменам. Менавіта тут топ-менеджары Беларусі і Узбекістана складалі кантракты на дзясяткі мільёнаў долараў падчас бізнес-форуму. Раней гэтую пляцоўку наведалі прэзідэнты - адкрылі беларускую выставу. Ажыятаж не сціхае ў СМІ па слядах 10-гадзінных перамоў лідараў. Шмат шуму ў прэсе нарабіла і нацыянальная выстава.

150 беларускіх вытворцаў. На выставе можна паглядзець і купіць усё, ад абутку да камбайна. Кіраўнік беларускай дзяржавы распавядзе свайму калегу пра цягавітасць БелАЗаў і нават падорыць міні-версію легендарнага 450-тонніка з Кнігі рэкордаў Гінеса. Лідар Узбекістана тут жа засведчыць: гатовы купіць беларускія электробусы і разам з партнёрамі вырабляць медыцынскую тэхніку. А яшчэ лідары затрымаюцца ля стэндаў з беларускімі прадуктамі і пакаштуюць той самы Прэзідэнцкі шакалад. Дарэчы, абодва лідары выдатна разрэкламавалі ядомы стэнд выставы. Самыя вялікія чэргі па плітку "Прэзідэнт". Эксклюзіў сёння быў менавіта тут.

Пасля насычанага дня стала зразумела, што нават пасля завяршэння візіту на выхадныя выканаўцам усіх прэзідэнцкіх даручэнняў разлічваць не выпадае. Хоць маршрут Мінск - Ташкент - Мінск ужо стаў звыклым для Міхаіла Русага. Віцэ-прэм'ер узначальвае міжурадавую камісію, якая сочыць за выкананнем дамоўленасцяў Мінска і Ташкента. Вось і па слядах пастаўленых напярэдадні лідарамі задач падчас наведвання стэнда Белкамунмаша перамовы сёння раніцай пачаліся ў мэрыі. На вуліцах Ташкента неўзабаве з'явяцца беларускія электробусы.

На пляцоўцы ташкенцкага завода сельгастэхнікі збіраюць дарожна-будаўнічую тэхніку брэнда "Амкадор" і трактары "Беларус". Мінскі трактарны пабудуе ў Ташкенце і сэрвісны цэнтр.

Так, сённяшняя эканоміка - гэта ўжо не толькі МАЗ, БелАЗ і Белкамунмаш. Шчыра: на традыцыйнай прадукцыі зарабляць усё больш складана. Таму не меншае значэнне маюць інавацыі ў продажах і прасоўванні. "Адані" - менавіта такое на 100 % інавацыйнае прадпрыемства. Прадукцыю кампаніі купляюць у 85 краінах свету. Фірма спецыялізуецца на вытворчасці медыцынскай рэнтген-дыягнастычнай тэхнікі, сістэмах рэнтген-надгляду. На рынак Узбекістана прадпрыемства ўпершыню паставіла медабсталяванне 15 гадоў таму, яно дагэтуль працуе. Зараз Узбекістан хоча вырабляць сваё. Дырэктар прадпрыемства цытуе словы калег: для рэалізацыі гэтага праекта Узбекістану патрэбныя былі вельмі сур'ёзныя партнёры. І свой выбар краіна ўжо зрабіла.

Так, многія праекты Узбекістан пачынае з апорай на беларускі вопыт. Краіна зрабіла крок да энергетычнага лідарства ў рэгіёне. Перш чым падпісаць пагадненне аб будаўніцтве АЭС, урад вывучыў беларускі шлях. Партнёраў цікавяць і прагрэсіўныя рашэнні нашай краіны ў сферы ІТ, ужо прайшлі кансультацыі, у Ташкенце хочуць стварыць Парк высокіх тэхналогій, як у Мінску.

Беларуская выстава ў Ташкенце будзе адкрытая да серады. Па сутнасці, яна ў чымсьці дубліруе бізнес-форум. Кіраўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты запэўнівае: пагадненні і дамоўленасці яшчэ будуць гучаць на працягу тыдня.

Пакуль госці горада і бізнесмены вывучалі прапановы айчынных кампаній, прэзідэнты дзвюх краін правялі чарговы раўнд перамоў. Ён прайшоў за 90 км ад Ташкента ў перадгор'і Цянь-Шаня, дзе размешчаная рэзідэнцыя "Кайнарсай". Сімвалічна, сустрэча прайшла на вышыні 900 м над узроўнем мора. Для Шаўката Мірзіёева беларускі лідар сапраўды высокі госць. Аляксандр Лукашэнка стаў першым, каго за час свайго прэзідэнцтва Шаўкат Мірзіёеў запрасіў сюды. Знак асаблівай павагі і сяброўства, а паміж лідарамі сапраўды склаліся вельмі цёплыя асабістыя адносіны. У нефармальнай атмасферы на свежым паветры, а пасля за рабочым сняданкам прэзідэнты размаўлялі больш як тры гадзіны.

Паглыбленне прамкааперацыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў, перадача вопыту ў падрыхтоўцы кадраў, спецыялістаў у будаўнічай і ІТ-сферах. Беларусь і Узбекістан з гэтага часу аб'ядноўвае мноства праектаў. Усе пытанні на працягу гэтых трох дзён вырашаліся маментальна. На прэзідэнцкім, урадавым - любым узроўні. Гэта адчувалася літаральна з самага пачатку. Як толькі Аляксандр Лукашэнка спусціўся з трапа, яго суправаджаў прэм'ер Абдула Арыпаў. Ён жа сёння праводзіў беларускага лідара ў аэрапорт. А прэзідэнты Беларусі і Узбекістана ўбачацца зусім хутка: праз некалькі тыдняў у Таджыкістане адбудзецца савет кіраўнікоў дзяржаў СНД.