Закрытая сувязь як элемент суверэнітэту

21 ноября 2019
У цэнтры ўвагі Прэзідэнта было комплекснае развіццё айчынных сістэм сувязі

Закрытая, або ўрадавая сувязь як элемент суверэнітэту і бяспекі, свой высокатэхналагічны кластар і прыкладная навуковая школа, і нават як брэндавая экспартная пазіцыя на найвышэйшым прэзідэнцкім і ўрадавым узроўні! Менавіта ў такім кантэксце абмяркоўваліся айчынныя распрацоўкі. Прычым як у стацыянарным выкананні (можна ўбачыць на рабочых сталах топ-кіраванцаў), так і ў мабільным. Гэтыя ноу-хау Кіраўніку дзяржавы нядаўна дэманстравалі ў Мінскім раёне. Аб'ект  сакрэтны. Тады ж Аляксандр Лукашэнка даручыў праверыць усю працу ў гэтым кірунку і выправіць магчымыя недахопы.

Ва ўсім свеце распрацоўкі ў сферы абароненай сувязі цэняцца асабліва. Памятаем скандал з праслухоўваннем спецслужбамі ЗША германскага кіраўніцтва аж да асабістага тэлефона канцлера Ангелы Меркель. Ужо тады стала відавочна: абарона даных на такім узроўні - гэта пытанне незалежнасці і захоўвання дзяржтаямніц цаной на дзясяткі мільярдаў долараў. Адгэтуль такая пільная ўвага да айчыннага прадукта, і што важней - да нацыянальнай школы шыфравання. Яна ёсць далёка не ў кожнай, нават прасунутай у тэхналогіях дзяржавы.

Большая частка нарады прайшла ў закрытым для прэсы рэжыме. Што нядзіўна, дэталі і нават кірункі развіцця падобных сістэм ва ўсім свеце складаюць дзяржтаямніцу. Галоўны вынік - Беларусь працягне ў нацыянальных і камерцыйных інтарэсах  паскорана развіваць гэтую галіну высокіх тэхналогій.