У Брэсцкай вобласці запушчаная лінія па сартаванні смецця

19 декабря 2015

Другое жыццё камунальных адыходаў. У рамках дзяржаўнай праграмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Брэсцкай вобласці запушчаная лінія па сартаванні смецця.

Што можна атрымаць у выніку якаснай перапрацоўкі бытавых адыходаў? У Іванаўскі раён адправілася наш карэспандэнт Ірына Нікіціна. Яшчэ два тыдні таму смецце, звезенае на палігон цвёрдых камунальных адыходаў Іванаўскай ЖКГ, павінна было быць поўнасцю ўтылізаваным. З увядзеннем у строй новай сартавальнай лініі з’явілася магчымасць атрымліваць з яго другасныя рэсурсы. Шкло, пластык і паперу сартуюць (гэтую працу на прадпрыемстве выконваюць пяць чалавек), астатняя брудная маса ўтылізуецца. Для атрымання прасаваных стосаў прадугледжаны гідраўлічны прэс.

Новая сартавальная лінія – беларускай вытворчасці. Сродкі выдаткавала арганізацыя, якая каардынуе дзейнасць па зборы другаснай сыравіны ў краіне. “Аператару другасных матэрыяльных рэсурсаў” аб’ект каштаваў амаль мільярд рублёў.

Пры выхадзе на поўную магутнасць прадпрыемства здольнае будзе сартаваць да 5 000 тон смецця за год.

Павялічыць аб’ём другасных рэсурсаў – задача не адных толькі камунальных службаў. Тым больш што для 75% насельніцтва Брэсцкай вобласці створаны ўмовы для паасобнага збору смецця. Спецыялісты падлічылі: добрасумленнае стаўленне да гэтай праблемы аднаго чалавека за месяц выратуе ад вырубкі некалькі дрэў. Гэта дазволіць сэканоміць каля 500 кілават электраэнергіі, а галоўнае, палепшыць экалогію.

Папера, шкляныя бутэлькі, тэкстыль і нават электраэнергія - усё гэта можна атрымаць у выніку якаснай перапрацоўкі смецця. Падобныя да Іванаўскай сартавальныя лініі толькі ў Брэсцкім рэгіёне ўжо працуюць у Кобрыне, Бярозе, Ганцавічах, Івацэвічах, Століне і Пінску.