За Вялікай размовай з Прэзідэнтам сачыла інтэрнэт-аўдыторыя

3 февраля 2017

Белтэлерадыёкампанія вяла трансляцыю ў прамым эфіры. І за гэтую карцінку ў літаральным сэнсе змагаліся нашы калегі. Шмат запытаў паступіла ад ахвочых атрымаць сігнал. Вядучыя СМІ Беларусі і замежжа ў рэжыме рэальнага часу выдавалі загалоўкі з ключавымі тэмамі Вялікай размовы. За дыялогам сачыла інтэрнэт-аўдыторыя. І тут жа пляцоўкай для дыскусій станавіліся анлайн-выданні, пляцоўкі вядучых блогераў, форумы. Хэштэг #agl3 - менавіта так адзначалі навіны з комплексу на праспекце Пераможцаў - у лідарах "Твітар". Гэтакі пазл - карціну дня ў Інтэрнэце - сабрала Лізавета Казакова.

Запыты на адрас Белтэлерадыёкампаніі на анлайн-трансляцыю Вялікай размовы з Прэзідэнтам паступалі ад шэрагу вядучых інфармацыйных агенцтваў свету, такіх як Associated Press, Russia Today, Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.

Не прымусіла сябе чакаць і зацікаўленая рэакцыя сусветных інтэрнэт-рэсурсаў, якія лавілі літаральна кожнае слова з вуснаў Прэзідэнта Беларусі. Так, гутарка атрымалася сапраўды ёмістай і змястоўнай.

Непарушная пазіцыя нашай краіны - адкрытая, шматвектарная палітыка. "Беларусь павінна сябраваць з усімі суседзямі", - гэтую цытату ў ліку першых размяшчаюць расійскія і ўкраінскія сайты.

"Ніводны камень у бок расіяніна кінуты не будзе", - падхапляюць гэтыя словы Прэзідэнта РІА "Новости", Газета.Ru, Lenta.ru, NEWSru.com, "Расбалт" і іншыя.

Вядучае ўкраінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН робіць актыўны акцэнт на эпізод Вялікай размовы аб расійскай нафце: "Незалежнасць даражэйшая! Не ацэньваецца ніякімі грашыма, ніякімі чысламі"...

І сенсацыйны працяг: "Беларусь падала ў суд на Расію з-за нафтагазавай спрэчкі", - піша Deutsche Welle.

Russia Today канкрэтызуе: прапанавана завесці справу супраць кіраўніка Рассельгаснагляда.

Замежныя журналісты і інтэрнэт-карыстальнікі з нецярпеннем чакаюць адказ Кіраўніка дзяржавы на правакацыйную інфармацыю, якая з'явілася раней у расійскіх СМІ з нейкай "крыніцы" аб выхадзе Беларусі з ЕАЭС, АДКБ, а магчыма, Саюзнай дзяржавы... Адказ атрымліваюць і неадкладна размяшчаюць. "Усё гэта - поўная выдумка".

За Вялікай размовай патэнцыйна сачылі мільёны тэлегледачоў ва ўсіх месцах свету дзякуючы прамой трансляцыі на спадарожнікавым канале "Беларусь 24". Вялізная колькасць людзей глядзела анлайн-трансляцыі ў Сусветнай павуціне. Карыстальнікі ўсіх буйных сацыяльных сетак актыўна пішуць свае каментарыі. Да Вялікай размовы з Прэзідэнтам у Twitter было заведзена некалькі хэштэгаў. У рэгіянальныя трэнды выходзіць галоўны з іх - agl3. Рэагуюць на ўсе павароты адкрытай гутаркі канструктыўна. Вось толькі некаторыя меркаванні.

"Беларусь не з'яўляецца і ніколі не з'яўлялася лідарам ні па колькасці падаткаў, ні па іх сумах. Нават у першую трыццатку краін з самымі высокімі падаткамі не ўваходзім".

"Вось топ-27 краін вам для азнаямлення, якія з'яўляюцца лідарамі па падатковай нагрузцы. Звесткі справаздачы Global Competitiveness Report, апублікаванай Сусветным эканамічным форумам. На звесткі гэтай справаздачы спасылаюцца такія аўтарытэтней выданні, як, напрыклад, Business Insider".

Толькі пад хэштэгам #agl3 публікаваліся дзясяткі паведамленняў за хвіліну. Калі ўлічыць, што Вялікая размова з Прэзідэнтам доўжылася 7 гадзін 20 хвілін, уявіце, наколькі вялікай стала колькасць яе віртуальных удзельнікаў. І кожны быў і будзе пачуты.