Выставачны комплекс "БелЭкспа" ператвараецца ў самую вялікую студыю краіны

28 февраля 2019

Заўтра - "Вялікая размова з Прэзідэнтам". Гэтую сустрэчу чакаюць палітолагі і эканамісты, работнікі розных сфер і мы - журналісты. Вядома, у першы дзень вясны ўвага шматлікіх будзе прыкаваная да гэтага адкрытага дыялогу. Белтэлерадыёкампанія арганізоўвае трансляцыю мерапрыемства ў прамым эфіры. Наогул, прамыя трансляцыі такіх глабальных знакавых падзей збіраюць ля экранаў найбольшую колькасць жыхароў нашай краіны. Тым больш, усе ведаюць: падобныя фарматы - гэта заўсёды адкрытая, шчырая і часам вострая дыскусія.

Што "Вялікая размова" значыць для Прэзідэнта? Для чаго ў "БелЭкспа" прамысловыя альпіністы? І куды вядуць амаль 2 кіламетры кабеляў? Наш карэспандэнт Вольга Макей некалькі дзён сачыла за тым, як выставачны комплекс ператвараецца ў самую вялікую студыю краіны!

Гэта яшчэ раніца аўторка. Кіроўца Аляксандр садзіцца за руль "Еўфрасінні", такое імя ў перасоўнай тэлевізійнай станцыі. Да "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" на той момант яшчэ пару дзён, але такая ТБ-тэхналогія: трэба будзе разматаць сотні метраў кабеляў, расставіць паўтара дзясятка камер, наладзіць і дасканала праверыць усю апаратуру.

Надвор'е не з прыемных, але інжынераў гэтым не збянтэжыш. Выгружаюць штатывы. А вось і самі камеры. Іх тут жа збіраюць.

Тым часам залу "БелЭкспа" ператвараюць у самую вялікую ў краіне тэлестудыю. Трэба будзе размясціць больш як 200 чалавек.

А з такой вышыні, як Павел і Уладзіслаў, гэтую студыю ўбачыць хіба што рэдкі спецыяліст. Хлопцы - прамысловыя альпіністы, звычайна рыхтуюць канцэртныя пляцоўкі да выступленняў артыстаў. Так што, быць на вышыні для іх - звыклая справа. Тут працоўнае месца - за 9 метраў ад зямлі.

Амаль 400 квадратных метраў манітораў у зале і тэлевізійная спецтэхніка, аналагаў якой няма ў Еўропе. Размова аб вертыкальным ліфце, кадры з якога можна будзе ўбачыць падчас эфіру. А камеры і перасоўную тэлевізійную станцыю аб'ядноўваюць кабелі працягласцю амаль у два кіламетры.

У эфіры глядач убачыць карцінку з розных камер. Здаецца, усё проста. Але нават калі Кіраўнік дзяржавы ўваходзіць у залу (а пройдзе Прэзідэнт адгэтуль і накіруецца да свайго месца), гэты момант адначасова будуць здымаць адразу некалькі тэлекамер. Вось такую карцінку ў гэты момант бачыць рэжысёр.

"Вялікую размову з Прэзідэнтам" мы ўбачым вачыма Іллі Крэўчыка. Рэжысёр прызнаецца: на такіх мерапрыемствах працуе не ўпершыню, але заўсёды хвалюецца. У гэтыя дні тэлефон разрываецца, трэба сапраўды выставіць і наладзіць кожную камеру. На працягу ўсёй трансляцыі рэжысёр будзе бачыць паўтара дзясятка манітораў, і як тут вачам не разбегчыся? Не выпусціць нюансы важна і для Прэзідэнта. Бо з меркаванняў кожнага складаецца агульная карціна жыцця ў краіне. Прэс-сакратар Кіраўніка дзяржавы тлумачыць: "Вялікая размова" - гэта падмурак падрыхтоўкі да яшчэ адной важнай падзеі гэтай вясны.

А вось якія тэмы цікавей за ўсё пачуць беларускаму гледачу, мы спыталі ў тых, хто ўсе гэтыя дні працаваў у "БелЭкспа". Яны таксама, ва ўсіх сэнсах, прыклалі руку да "Вялікай размовы". Гэта людзі розных сфер: інжынеры, будаўнікі, спецыялісты па тэлекамунікацыях. І ў кожнага свая тэма, якая хвалюе. Яны ўжо сапраўды не чакалі, што ў гэтай зале інтэрв'ю будуць браць у іх.

Ужо заўтра ўсе месцы ў гэтай тэлестудыі зоймуць журналісты, палітолагі, эканамісты, працаўнікі прадпрыемстваў. Словам, прадстаўнікі самых розных сфер нашага жыцця. Па сутнасці, будзе гутарка з ўсёй краінай: ад простых народных пытанняў да глабальных геапалітычных тэм. Якое бачанне Прэзідэнта - цікавіць усіх нас, але ў першую чаргу менавіта Кіраўнік дзяржавы жадае пачуць, што хвалюе беларусаў. Бо тое, якой будзе наша краіна, залежыць ад кожнага.