Падчас кадравых прызначэнняў Аляксандр Лукашэнка зрабіў важныя заявы

16 марта 2020
Важныя заявы сёння зрабіў Прэзідэнт падчас кадравых прызначэнняў. Яны датычыліся эканомікі, эпідэміялагічнай сітуацыі, будучага палітычнага сезона і аграрнага, што стартаваў.

Па-першае,  сур'ёзна абнавіўся пул рэгіянальных кіраўнікоў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў мясцовай уладзе пра тэхналагічную дысцыпліну і папрасіў не загульвацца ў рынак. Галоўнае, на чым акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт,  - гэта эканоміка і праца з людзьмі. Яшчэ, што датычыцца персон, то па выніках кадравага панядзелка ў Беларусі новы міністр сельскай гаспадаркі. Для многіх ён, мабыць, dark horse, у залішняй публічнасці не заўважаны.

А вось новы пасол Беларусі ў Малдове  наадварот  асоба вядомая. 

Прадстаўляць інтарэсы краіны ў гэтай дзяржаве будзе Анатоль Калінін, экс-віцэ-прэм'ер. Дзейснай працы чакае Прэзідэнт ад кіраўнікоў не толькі на дыпламатычнай ніве, але і ад тых, хто працуе на зямлі і ў рэгіёнах.

Агляд гэтага дня  ў Наталлі Брэвус

Кадравыя дні ў Палацы Незалежнасці  апошнія месяцы не рэдкасць - данастройка вертыкалі і прызначэнне ключавых фігур у дзяржапараце ідзе ў рэжыме нон-стоп. Але такога шырокага прадстаўніцтва рэгіянальных кіраўнікоў не ўзгадаем. 

Цягнуць з прызначэннямі нельга - усе ўзгадненні ў мінулым і трэба ўключацца ў працу. Аляксандр Лукашэнка не ставіць завоблачных задач. Гаворыць проста - пачынайце ад зямлі. 

У Беларусі памяняліся кіраўнікі 13 раёнаў

Адразу некалькі раёнаў краіны атрымалі новых кіраўнікоў, напрыклад, няпросты Мінскі плюс змяніліся старшыні выканкамаў у Баранавічах, Маларыце, Докшыцах, Сянно, Дзятлаве, Хоцімску, Свіслачы і Смалявічах, Бабруйску і Краснаполлі, Бешанковічах і Чэрыкаве. Дарэчы, два апошнія раёны ўзначаляць жанчыны. Вось такія трэнды кадравай палітыкі. Мяркуючы па ўсім, настроены лэдзі па-баявому. 

Развіццё рэгіёнаў залежыць ад тых, хто і як працуе на месцах

Гэта, вядома,  кіраўнік раёна фігуральна выказваецца аб тым, што калі трэба будзе ў запале кіраўніцкіх перыпетый і кулаком па стале стукнуць, то зможа. Як гаворыцца, характар гэта лёс. 

Трэба сказаць, што паўднёва-ўсходнія рэгіёны Магілёўскай вобласці сёння маюць патрэбу ў такіх людзях - на коне будучыня раёнаў. Каласальная падтрымка ўлады ёсць - гатовыя ўкладваць у развіццё гэтых зямель. Але многае залежыць і ад таго, як спрацуюць на месцах. 

У рэгіёнах кадравыя змяненні ў пуле намеснікаў губернатараў - гэта закранула Брэст і Мінскую вобласць. Што датычыцца сталіцы, то тут таксама прыкметныя зрухі. Адразу два новыя кіраўнікі  - у Першамайскім і Савецкім раёнах. Новы і намеснік старшыні ў Мінгарвыканкаме. Юрый Трушчанка будзе курыраваць у горадзе як раз тую самую эканоміку, пра якую пастаянна нагадвае Прэзідэнт. Займаючы пасады ў горадзе, Трушчанка зарабіў рэпутацыю талковага кіраўніка і адкрытага чыноўніка,  што не так часта сустрэнеш. Актыўны ў сацсетках, тлумачачы там, што і навошта робіць гарадская ўлада. Праўда, намеснік старшыні не ўпэўнены, што на новай пасадзе на гэта будзе шмат часу. Але вось з чаго пачне, дакладна ведае. 

Новы намеснік старшыні Мінгарвыканкама пачне з праблемных прадпрыемстваў

Пачынаць сталічнаму віцэ-мэру прыйдзецца на няпростым глабальным фоне. Зрэшты, ён уплывае, вядома, не толькі на мінскія прадпрыемствы - на ўсю Беларусь. Сусветную эканоміку штарміць няслаба, ды і сітуацыя з пандэміяй каранавіруса прымушае быць напагатове. 

Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў развіццё сітуацыі з каранавірусам

На думку Прэзідэнта, у Беларусі адэкватна рэагуюць на пагрозы. Медыкі ўжо даўно прымаюць кропкавыя меры, а самі беларусы ў цэлым адэкватна рэагуюць на сітуацыю, зазначыў Аляксандр Лукашэнка. "Беларусы проста малайцы. За выключэннем аднаго выпадку: не бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спецадзенне або нейкія лекі. Самая вялікая для нас не праблема, а адказнасць - гэта эканоміка. На жаль, усе гэтыя рухі цела ў кірунку каранавіруса вельмі рэзка адбіліся на эканоміцы. Дайшло да таго, што наша родная Расія, падкрэсліваю,  закрыла мяжу з Беларуссю", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён канстатаваў, што ў Беларусі адносна спакойнае становішча, а "Расія ўся палае ад каранавіруса". "Дык хто ад каго павінен закрывацца? Пытанне рытарычнае", - дадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка заклікаў мясцовыя органы ўлады без усялякай панікі працаваць з людзьмі, нагадваючы ім аб мерах  засцярогі. 

Арыенцір для вертыкалі - бесперапынная работа з людзьмі

Працаваць з людзьмі -  менавіта на гэта арыентуе Прэзідэнт мясцовых кіраўнікоў. Узяць за практыку цікавіцца праблемамі і клопатамі мясцовых жыхароў, а галоўнае - вырашаць іх, каб лішні раз не даводзілася падключацца Адміністрацыі Прэзідэнта. Наладзіць сувязь і з дапамогай асабістых сустрэч,  і выкарыстоўваючы анлайн-рэсурс. І так, і так  гатовы працаваць новы кіраўнік Свіслацкага раёна. 

Цяперашні год асаблівы ў палітычным календары - пройдуць прэзідэнцкія выбары. Аляксандр Лукашэнка каторы раз нагадвае:  гэты экзамен здаём разам. 

Прэзідэнт: тэхналагічная і працоўная дысцыпліна - найважнейшыя элементы ў любой эканоміцы 

"Вы на перадавой, і вас бачаць людзі. І як ацэньваюць нашы людзі, якія прывыклі да сумленнасці і справядлівасці, вы таксама ведаеце, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Мы здаём экзамен. Не толькі я (я ў першую чаргу), але вы таксама. Без вас ніякага экзамена  ніхто не здасць, і мне будзе вельмі складана. Тэхналагічную і працоўную дысцыпліну ніхто не адмяняў. Не забывайцеся, што гэта найважнейшыя элементы ў любой эканоміцы - і планавай, і рыначнай. Не загуляйцеся ў рынак. Пачнеце гуляцца ў гэты рынак, думаючы, што ён нешта там адрэгулюе, адразу выпусціце з рук сітуацыю, дапусціце падзенне, з'явяцца праблемы".

У Беларусі новы кіраўнік Мінсельгасхарча

Не без недахопаў сёння ў сельскай гаспадарцы. Апошнія сустрэчы і рашэнні па АПК якраз накіраваныя на тое, каб рассекчы гордзіеў вузел праблем стратных гаспадарак. Але не забываем, што пры ўсіх недахопах  кормім сябе і мільярды долараў зарабляем на экспарце харчавання. Гэта добрая база для новага міністра, над якой працавалі яго папярэднікі. 

За пытанні сельскай гаспадаркі і харчавання ў краіне зараз адказвае Іван Крупко. Паспеў папрацаваць у жытніцы сталічнага рэгіёна - Нясвіжскім раёне, а потым і бліжэй да цэнтра - у Мінскім. Ранейшы міністр Анатоль Хацько на пасадзе  быў менш чым год, але звольнены не з чорнай меткай - яго чакае іншая праца. 

Прэзідэнт прызначыў А. Калініна паслом Беларусі ў Малдове

Пакуль харчаванне  далёка не галоўны артыкул беларускага экспарту ў Малдову. Тут  наадварот: у іх больш купляем, напрыклад, садавіны і гародніны. А вось нашы пастаўкі падмацоўвае прамысловасць - ад лекаў і будматэрыялаў да нафтапрадуктаў і тэхнікі. Але, глядзіш, новы пасол (а Прэзідэнт прызначыў на гэтую пасаду экс віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна) паўплывае на гандлёвыя патокі. 

З аднаго боку, пашанцавала: ёсць мяккі палітычны клімат. З другога боку,  прыкметна дадаваць на гэтай базе не так проста. Першае наўскідку - дзейнічае зборка трактароў і тралейбусаў. У галаве трымаюць стварэнне вытворчасці ліфтаў і зборку мазаўскіх аўтобусаў. 

У Беларусі  новы памочнік Прэзідэнта

Выхадзец з Мінсельгасхарча Аляксандр Субоцін  зараз вочы і вушы Прэзідэнта ў Магілёўскім рэгіёне. Пасада памочніка Кіраўніка дзяржавы абавязвае. Ён паспеў папрацаваць у Еўразійскай эканамічнай камісіі, дзе ў кампетэнцыю ўваходзілі пытанні аграпрамысловага комплексу. З вышыні гэтага вопыту гаворыць аб стратэгіі прасоўвання на рынках, што дарэчы не толькі для Магілёўскага рэгіёна. 

Па рыторыцы Прэзідэнта здавалася, што для Субоціна гэта не будзе пікам кар'еры - у яго яшчэ ўсё наперадзе. Многае будзе залежаць і ад таго, які вынік пакажа Магілёўшчына. На вынік - менавіта такой працы чакаюць і ад новага кіраўніка Белмедтэхнікі. Дзмітрый Страздзін узгоднены Аляксандрам Лукашэнкам на гэтую пасаду. За прадпрыемствам цягнецца шлейф карупцыйнага скандалу, але настрой Прэзідэнта адназначны: спыняць  падобнае на корані. 

Прэзідэнт кіраўніку Белмедтэхнікі: цэнаўтварэнне - пытанне нумар адзін

Ужо ў рабочым парадку былі ўзгоднены Прэзідэнтам старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці. Гэта Уладзімір Гадзяцкі. А таксама намеснік міністра культуры  Валерый Грамада і намеснік міністра аховы здароўя  Алена Богдан. Дарэчы, своечасовае кадравае ўмацаванне для Міністэрства аховы здароўя, якое  ў цэнтры барацьбы (у тым ліку і інфармацыйнай) з каранавірусам. З улікам таго, як развіваюцца падзеі навокал,  разумны падыход да таго, што адбываецца, будзе не лішнім не толькі кіраўнікам, але і ўсім нам.