У Палацы Незалежнасці абмеркавалі сітуацыю ў сістэме аховы здароўя

13 августа 2019

Справядлівыя цэны на лекі і праца без пасярэднікаў пры закупцы абсталявання - даручэнні Кіраўніка дзяржавы профільнаму міністру. У Палацы Незалежнасці ўчора абмеркавалі сітуацыю ў сістэме аховы здароўя. Прынцыповае меркаванне Аляксандра Лукашэнкі: усе галіны беларускай медыцыны маюць патрэбу ў новай стратэгіі развіцця, аднак да гэтай працы трэба падыходзіць разумна. Уладзімір Каранік прапанаваў сумесна з беларускімі айцішнікамі стварыць інфармацыйную платформу, дзе анлайн будуць адлюстроўвацца ўсе закупкі для медустаноў. Гэта дапаможа выкараніць шэрыя схемы пры правядзенні дзяржзакупак. Ініцыятыву Прэзідэнт падтрымаў.

Пры стварэнні міжрэгіянальных медцэнтраў будуць улічваць правіла залатой гадзіны: на працягу 60 хвілін пацыент павінен быць дастаўлены ў сучасную клініку. Калі адлегласць не дазваляе, такія цэнтры абсталююць рэанімабілямі. Асобна спыніліся на цэнаўтварэнні. Міністэрства аховы здароўя працягне маніторынг цэн у аптэках з мэтай магчымага іх паніжэння - інфармацыю перададуць у МАРГ. Асаблівую ўвагу нададуць якасці прэпаратаў: выбаркова правераць усе лекі незалежна ад краіны вытворцы. Што да прэпаратаў, якія выпускаюцца не ў нашай краіне, іх рэгістрацыю на беларускім рынку плануюць спрасціць.