У шчырых зносінах прагучалі пажаданні ад Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам дзіцячага "Еўрабачання"

20 ноября 2018

Дзіцячае "Еўрабачанне" ў Мінску яшчэ раз пацвярджае, што Беларусь гасцінная краіна. Дзверы нашага мірнага дома адчыненыя абсалютна для кожнага з любога кутка планеты. Такая атмасфера дабрыні і сяброўства дапамагае ўдзельнікам "Еўрабачання" настроіцца на пазітыў. Вядома, кожны з іх перад выступленнем на вялікай сцэне перад шматмільённай аўдыторыяй хвалюецца. І зараз так важна зрабіць, каб з першых дзён у нашай краіне госці адчувалі сябе як дома. Мы ўжо адзначалі, што напярэдадні рэкордная дваццатка канкурсантаў запальвала на адкрыцці еўратыдня ў выставачным комплексе "БелЭкспа". Гэта літаральна праз дарогу ад Палаца Незалежнасці.

І калі ўчора гэты знакавы для нашай краіны будынак дзеці бачылі здалёк, сёння Палац Незалежнасці ўжо быў у распараджэнні юных талентаў з усяго свету. Удзельнікам конкурсу правялі экскурсію, падрабязна распавялі пра гісторыю гэтага важнага для Беларусі аб'екта. Уражанняў шмат. Як сказалі самі дзеці: "Крутая атмасфера!". Хлопчыкі і дзяўчынкі фатаграфаваліся ў інтэр'ерах і нават праверылі акустыку палаца. Песні ў выкананні юных артыстаў чуліся літаральна з кожнай залы. Самым яркім уражаннем, якое сапраўды запомніцца на ўсё жыццё, стала сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Ніякага пратакола і ўмоўнасцяў.

Цалкам нефармальная абстаноўка. Па-хатняму, адкрыта, шчыра, душэўна. Дзеці абступілі Прэзідэнта і гаварылі абсалютна пра ўсё. Такое магчыма далёка не ў любой краіне. Практычна па-бацькоўску Кіраўнік дзяржавы настроіў дзяцей на пазітыў, адзначыўшы, што ўсе яны ўжо пераможцы, бо змаглі прабіцца праз няпростае сіта нацыянальных адбораў. Што больш за ўсё запомнілася артыстам з розных краін? Пра што гаварыў Аляксандр Лукашэнка з цяперашнімі канкурсантамі і беларускімі ўдзельнікамі дзіцячага "Еўрабачання" мінулых гадоў? І што ўразіла супервайзера шоу? Самыя яркія эмоцыі гэтага дня сабрала Ілона Красуцкая.

Апладысменты, смех, песні. Сёння ў Палацы Незалежнасці было шумна з раніцы. А як інакш, калі госці - удзельнікі дзіцячага "Еўрабачання". Акустыка палаца яўна ім спадабалася, бо канкурсанты наладзілі рэпетыцыю прама тут, пакуль на другім паверсе ў гэты час працаваў Прэзідэнт Беларусі.

Напярэдадні вечарам быў дадзены старт еўратыдню. Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа" сабраў больш за тры сотні гасцей. Сярод іх і рэкордная дваццатка канкурсантаў са сваімі дэлегацыямі. "БелЭкспа" знешне вельмі нагадвае кветку - рамонак. Вось так па-простаму і называюць комплекс. Сімвалічна, менавіта такі квітнеючы этап у жыцці зараз ва ўдзельнікаў дзіцячага "Еўрабачання".

Літаральна цераз дарогу ад "БелЭкспа" знаходзіцца адзін з самых статутных будынкаў краіны - Палац Незалежнасці. Яго дзеці ўчора бачылі здалёк, а сёння змаглі пабываць унутры.

За час падрыхтоўкі ўдзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" ўжо паспелі адчуць увесь цяжар і адказнасць медыйнай прафесіі. Хоць ім не прывыкаць - ужо ў такім юным узросце яны пераможцы розных музычных прэмій, конкурсаў, некаторыя нават выпусцілі сольныя альбомы. Але далёка не кожны да гэтага мог сказаць, што ў свае 11 ужо бачыўся з прэзідэнтам.

Дзе і ў якой краіне, што прымала дзіцячае "Еўрабачанне", да гэтага прэзідэнт сустракаўся з удзельнікамі конкурсу?! І ўжо тым больш прама ў рэзідэнцыі, дзе праходзяць найважнейшыя палітычныя мерапрыемствы. Звычайна тут, згодна з дыпламатычным пратаколам, ціха. Але дзецям па асабістым распараджэнні Прэзідэнта было дазволена ўсё, больш дакладна, усе дзіцячыя свавольствы. І дзеці выдатна выкарысталі гэтую магчымасць.

Яны танцавалі імправізаваны брэйк і рабілі мноства сэлфі на кожным паверсе.

Хоць і юныя, але ўжо артысты. Праверылі акустыку самага статутнага будынка краіны.

Вядома, лепш за ўсіх, па-хатняму, адчуваў сябе наш удзельнік Даніэль Ястрэмскі. Ён дапамог асвоіцца і самым юным удзельнікам. Адна з такіх - Эфі Джыка з Албаніі, ёй усяго 10 гадоў. А наш Даніэль, можна смела сказаць, вопытны музыкант. Да 14 гадоў паспеў узяць удзел у такіх праектах, як "Украіна мае талент", "Голас. Дзеці", прайсці акадэмію Ігара Крутога. З кампазіцыяй "Time" ("Час") Даніэль выступіць пад 8 нумарам.

А ад Азербайджана выступіць Фідан Хусейнава. Напярэдадні ў Палацы Незалежнасці пабываў лідар гэтай краіны. Дарэчы, пару гадоў таму Ільхам Аліеў узнагародзіў Фідан спецыяльнай прэміяй, а яе імя ўнеслі ў "Залатую кнігу маладых талентаў".

На радзіме яна сапраўдная знакамітасць. Некалькі разоў выступала дуэтам з Ларай Фабіян. Дарэчы, свой дзень нараджэння Фідан сустрэне ў Беларусі. Напярэдадні фіналу "Еўрабачання" ёй споўніцца 13 гадоў.

Для ўдзельнікаў і іх дэлегацый, арганізатараў конкурсу правялі экскурсію па статутным будынку. Дзеці знаёміліся з гістарычнымі заламі, дзе праходзілі значныя міжнародныя форумы. Усё ж гэта той самы час і той самы ўзрост, калі непадробнае здзіўленне чытаецца абсалютна ва ўсім.

Дзеці зараз на сваёй песеннай хвалі. У думках усё роўна пракручваюць уласны нумар, рэпеціруюць пры кожным зручным моманце, яго яны як раз выкарысталі, калі перамяшчаліся паміж заламі Палаца Незалежнасці.

Сустрэча з беларускім Прэзідэнтам праходзіла ў зімовым садзе. Менавіта ў гэтай частцы палаца знаходзіцца прыёмная і рабочы кабінет Аляксандра Лукашэнкі. Прызнацца, нават журналісты не адразу заўважылі Прэзідэнта, вось так шчыльным колам дзеці акружылі Кіраўніка дзяржавы. Гэтыя кадры самі за сябе лепш гавораць пра тое, якая яна дзіцячая непасрэднасць. Зразумела, што гэтае мерапрыемства далёка ад палітыкі, але атрымалася вельмі сімвалічна. Аднымі з першых абдымацца да беларускага Прэзідэнта падбеглі прадстаўнікі Арменіі і Азербайджана. Самі дзеці падаюць лепшы прыклад для вялікай палітыкі.

Без усялякай сарамлівасці яны імкнуцца абавязкова абняць Аляксандра Лукашэнку, нібыта даўняга сябра, зрабіць сумеснае фота. Ды і чаму б разам з Прэзідэнтам не праспяваць загалоўную песню конкурсу?!

Дзеці не выпускалі тэлефоны з рук, кожны хацеў зрабіць фота з Прэзідэнтам на памяць і тут жа адправіць запаветны кадр родным і блізкім. Каб паверылі, што гэта тут і зараз такі важны эпізод у іх жыцці.

З боку Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза кіраўніком усіх конкурсаў "Еўрабачанне" з'яўляецца нарвежскі прадзюсар Ён Ола Санд. Супервайзер дзіцячага "Еўрабачання" высока ацаніў падрыхтоўку нашай краіны да правядзення аднаго з самых маштабных міжнародных шоу.

Ветлівасць і цяпло, сустрэчу ў такім фармаце немагчыма запланаваць. Усю гэтую цёплую атмасферу як ніхто іншы асабліва счытваюць дзеці. У лёгкіх і адкрытых зносінах прагучалі сказаныя на дарогу словы ад Аляксандра Лукашэнкі кожнаму ўдзельніку.

Падбадзёрыў Прэзідэнт і нашага ўдзельніка Данііла Ястрэмскага. Тут, як паводле класікі жанру, - перамога - гэта не галоўнае, галоўнае - удзел.

На сустрэчы побач і пераможцы, удзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" розных гадоў. Першы прадстаўнік Беларусі на конкурсе Вольга Сацюк. А вось і наша Ксенія Сітнік, якую ўся краіна ўсё роўна заве Ксюша, - такой далікатнай запомнілася юная артыстка мільёнам гледачоў - пераможца "Еўрабачання-2005".

На памяць аб сустрэчы ўдзельнікі, дэлегаты і арганізатары конкурсу паднеслі Аляксандру Лукашэнку падарунак - сімвалічны галоўны прыз дзіцячага песеннага конкурсу. Уручае Паліна Багусевіч - пераможніца мінулага дзіцячага "Еўрабачання" ад Расіі.

Далёкую Аўстралію на дзіцячым "Еўрабачанні" прадставіць 12-гадовая Джэйл. У Беларусі спраўдзілася яе даўняя мара - дзяўчынка ўбачыла снег.

Так, пераможца конкурсу ўсяго адзін. Але гэтая сустрэча дэманструе згуртаванасць. Гэтыя хлопцы і дзяўчаткі - не канкурэнты і не сапернікі.

Вядома, такі ўзрост - шмат увагі з усіх бакоў. Першая вялікая сцэна. Першыя фанаты, сотні інтэрв'ю. Папулярнасць. Галоўнае, не разгубіць тую самую непасрэднасць і захаваць запал нават пасля конкурсу. Пераможцы і ўдзельнікі мінулых гадоў сёння паабяцалі Прэзідэнту - ён пра іх яшчэ пачуе!

Якой атрымалася гэтая сустрэча - таксама лепш распавядзе малюначак. Канкурсанты ўжо сапраўды не жадалі адпускаць Прэзідэнта да дакументаў, на памяць жадалі пакінуць які-небудзь сувенір. Прычым, не толькі дзеці. Супервайзер дзіцячага "Еўрабачання" падарыў карціну. А вось Уэльс і Казахстан - дэбютанты міжнароднага дзіцячага конкурсу песні. Афіцыйная прадстаўніца Астаны - мініяцюрная Данэлія Туляшова ледзь утрымала свой прэзент.

Усе вялікія эмоцыі гэтага дня, якія перапаўнялі іх маленькія сэрцы, апынуліся настолькі моцнымі, што жадалася падзяліцца імі з усім светам. У тым ліку віртуальным.

Куды ж без фота ў Instagram пакаленню Z? Канкурсантка з Аўстраліі Джэйл выклала першую на сёння рэпетыцыю прама з Палаца! Эфі Джыка - прадстаўніца Албаніі - сфатаграфавалася ў каміннай зале, дзе праходзяць перамовы з высокапастаўленымі гасцямі і пахвалілася падарункамі ад Прэзідэнта. Данэлія Туляшова з Казахстана эмоцыі гэтага дня выяўляла выключна клічнікамі і ў сторыз раскрыла падпісчыкам сакрэт прэзентаў - гэта цукеркі і кніга. Марыя Спасоўска з Македоніі не магла ўтрымацца ад фота ў знакамітых інтэр'ерах і падзялілася агульным здымкам з беларускім лідарам - атрымалася атмасферна! "Гэтая раніца была не такой, як заўсёды", - напісала дзяўчына, адзначыўшы, як шмат значыць падтрымка беларускага Прэзідэнта. Прадстаўніца Грузіі Тамар Едзілашвілі разлічвае на поспех - менавіта такімі словамі падпісала канкурсантка фота з Палаца, якое зараз ёсць не толькі ў Маргвелашвілі.

Дарэчы, адразу з Палаца Незалежнасці канкурсанты адправіліся на "Мінск-Арэну", дзе прайшлі першыя рэпетыцыі ўдзельнікаў дзіцячага "Еўрабачання". На вялікую сцэну па чарзе выходзілі прадстаўнікі еўрапейскіх дзяржаў і Аўстраліі. На кожнага па рэгламенце - 40 хвілін. І ні хвіліны больш. Рэпетыцыі - гэта прагон у першую чаргу для саміх вакалістаў. Бо загадзя сцэну выпрабавалі ўжо са статыстамі. Каманды падрыхтаваныя.

Ён Ола Санд, супервайзер дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018":

"Сёння была ўзрушаючая сустрэча ў Палацы Незалежнасці. Важна, што Кіраўнік дзяржавы назваў усіх удзельнікаў ужо пераможцамі. Гэта вельмі сімвалічна і вельмі прыемна. Была абсалютна расслабленая атмасфера, нягледзячы на тое, што яна праходзіла ў такім афіцыйным будынку".

Назіральная - памяшканне, куды пасля рэпетыцыі адпраўляюцца рэжысёр сцэны, аператары і дэлегацыі краін-удзельніц. На маніторах аглядаюць нумар. Міжнародны дзіцячы конкурс "Еўрабачанне-2018" убачаць мільёны гледачоў на розных кантынентах. Малюначак вельмі важны. У прагляднай - увага і на дэталі. Рэквізіт, касцюмы, святло, рухі, буйнасць планаў.

Хто стане ўладальнікам узнагароды, даведаемся ўжо ў гэтую нядзелю. Калі на "Мінск-Арэне" адбудзецца фінал дзіцячага "Еўрабачання". Сёлета - павышаная канкурэнцыя. У Беларусь прыехалі прадстаўнікі 20 краін, і гэта рэкорд у гісторыі конкурсу.