У Мінску выбралі Міс Беларусь. Прывітаў удзельніц Прэзідэнт

20 июня 2016

У Мінск у гэтыя дні з'язджаюцца лепшыя людзі нашай краіны. Ужо ў сераду яны збяруцца ў Палацы Рэспублікі на ўсебеларускае веча. А напярэдадні ў Палацы спорту сабралася лепшая моладзь - самыя таленавітыя і прыгожыя. Усё гэта - фінал нацыянальнага конкурсу "Міс Беларусь". За карону - а гэта ўпрыгожванне вагай на 120 грамаў з белага золата і абсыпанае паловай тысячы фіянітаў і тапазаў - змагаліся 26 прэтэндэнтак. Разам з тытулам самая прыгожая дзяўчына атрымлівае і права прадстаўляць нашу краіну на "Міс Свету", а таксама ўдзельнічаць у культурных, дабрачынных акцыях у Беларусі і за яе межамі. Сёлета конкурс юбілейны. Яго праводзяць па даручэнні Прэзідэнта з 1998 года. Асаблівасць конкурсу гэтага года ў тым, што ён праходзіць у Год культуры. Не дзіўна, што яго лейтматыў - нацыянальны каларыт, тэмы беларускай мовы, культуры і гісторыі. Прывітаць удзельніц у Палац спорту прыехаў Прэзідэнт краіны.

Фінальнае дзейства конкурсу "Міс Беларусь" складаецца з чатырох дэфіле. Па традыцыі самыя чаканыя - у купальніках і вячэрніх сукенках. Тут арганізатары таксама пастараліся здзівіць. А вось журы можна паспачуваць: яно апынулася перад вельмі складаным выбарам. Але ўсё ж галоўную прыгажуню Беларусі выбралі. Ёю стала Паліна Барадачова з Мінска.